22 студзеня на Вялікай сцэне Белдзяржфілармоніі адбудзецца знакавая падзея – прэм’ера музычна-тэатральнага спектакля “Вандроўнік”, прысвечанага 70-годдзю легендарнага айчыннага мастацтвазнаўцы, этнографа Міхася Раманюка. Сваімі думкамі пра прэм’еру падзялілася аўтар ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Ларыса Сімаковіч.

Прэм’еры спектакляў Ларысы Сімаковіч – кампазітара, спявачкі, балетмайстра, танцоўшчыцы, рэжысёра-пастаноўшчыка, літаратара, стваральніцы фольк-тэатра “Госьціца” [1]  – заўсёды чакаюць. Кожны новы праект гэтага аўтара выклікае шырокі мастацкі розгалас, безліч супярэчлівых уражанняў і доўгае водгулле пасляпрэм’ерных абмеркаванняў. І гэта нядзіўна, калі узгадаць, што амаль кожны твор Сімаковіч уздымае вельмі хвалюючыя, балючыя праблемы нацыянальнай свядомасці і культуры. Дадайце да гэтага арыгінальнае мастацкае вырашэнне, што яднае аўтэнтыку і індывідуальна-аўтарскую стылістыку, даўніну і сучаснасць, выразныя сродкі і прыёмы розных мастацтваў – вакальнай і інструментальнай музыкі, драматычнага і музычнага тэатра, харэаграфічнага фальклору і contemporary dance.

Разам з тым, нягледзячы на неверагодную глядацкую цікавасць, спектаклі Ларысы Сімаковіч ніколі не паўтараюцца, і пабачыць іх можна толькі аднойчы – менавіта ў дзень прэм’еры. І новы твор – спектакль-гімн “Вандроўнік” да 70-годдзя Міхася Раманюка – не выключэнне. Гэта ўжо не першае звяртанне Ларысы Сімаковіч да выбітных постацяў айчыннай культуры. Дастаткова ўзгадаць такія спектаклі, як сучасная містэрыя “Дзень Максіма Багдановіча”, рок-опера “Песня пра долю”, прымеркаваная да дня нараджэння яе аўтара Уладзіміра Мулявіна, rondo-опера “Люцыян Таполя”, прысвечаная 100-годдзю Максіма Танка.     

Пра адметнасці прэм’ернага спектакля ArtAktivist / Theatre пагутарыў з Ларысай Сімаковіч.     

Ларыса Сімаковіч // фота: © Арцём Канцавы, svaboda.org

  

Святлана Уланоўская: Як узнікла задума спектакля-прысвячэння Міхасю Раманюку? Гэта была замова ці ваша асабістая ініцыятыва?

Ларыса Сімаковіч: Пачатак маёй працы над гэтым праектам – прыклад таго, як нязначны момант, нейкая празаічная нават сітуацыя у нашым жыцці, можа справакаваць нешта буйное і маштабнае. Будзем спадзявацца, што так яно і атрымаецца. А “проза жыцця” палягае вось у чым… Звычайна філарманічныя музычныя калектывы здаюць план творчых мерапрыемстваў на наступны год, згодна якому Міністэрства культуры размяркоўвае (вельмі прыблізна, канешне) грошы. І ў маім выпадку менавіта так і здарылася. Я паглядзела, што ў нас можа быць у 2014 годзе, і знайшла, што на гэты год выпадае 90-годдзе з дня нараджэння Васіля Быкава (і юбілей Быкава ў нас пазначаны ў плане на лета) і 70-годдзе Міхася Раманюка. Ніхто мне пра гэта не казаў, я проста, што называецца “нарыла”, проста знайшла. Але я нікому не агучвала сваю ідэю, пакуль яна ўва мне не выспела, пакуль я не ўбачыла, як гэтую тэму можна ўвасобіць сцэнічна.  

Тое ж самае і з Быкавым. Ён у мяне з’явіўся раней, чым Раманюк. Я маю на ўвазе менавіта тое, што называецца канцэпцыяй, на чым будуецца спектакль. Не проста “хачу паставіць спектакль”, а на чым ён будзе трымацца, то бок, галоўны рэжысёрскі ход. У дачыненні да гэтага я маю такую завядзёнку: галоўнае рэжысёрскае вырашэнне прыходзіць да мяне вокамгненна – і я разумею, што мне трэба рабіць. Яно можа не прыходзіць, не прыходзіць, не прыходзіць… Я мучаюся, магу ўжо развітацца з ім – і раптам, раз, і прыйшло! І я разумею: ход знойдзены. Засталося толькі гэта ўсё дадумаць, аформіць, матэрыялізаваць. Усё астатняе каля гэтага ўжо дабудоўваецца. То бок, пакуль не было галоўнага ходу, рэжысёрскага вырашэння, на чым будзе трымацца ўвесь спектакль, я нікому не агучвала свае задумы ні пра Быкава, ні пра Раманюка.      

Міхась Раманюк у адной з экспедыцый // фота 1983 г. з сямейнага архіва

 

Але ж ад задумы да яе ўвасаблення – вялікая адлегласць, і часта рэалізацыя ідэі моцна адрозніваецца ад прадстаўлення аб ёй.        

Дакладна! У галаве лёгка пабудаваць. У мяне ў галаве – увесь спектакль: усё размеркавана, усе сцэны раскадрыраваныя, я бачу кожную мізансцэну… Як вырашыць Быкава, я таксама ведаю, але не ўпэўнена, што возьмемся, бо вельмі цяжка ўсё гэта матэрыялізаваць.

У абодвух выпадках ніхто мяне не абавязвае, ніхто не прымушае. Проста ёсць магчымасць зрабіць. Тым больш, што, калі казаць пра Міхася Раманюка, то гэта чалавек, які перакуліў светапогляд цэлага пакалення на беларускую жанчыну. Гэта словы Дзяніса Раманюка, ягонага сына.

Дарэчы, мне Дзяніс сказаў прыемныя словы, што “я б нікому не даверыў, але калі ты, Ларыса, за гэта бярэшся, табе я давяраю”. І ён у камандзе, ён паплечнік, спрыяе, раіць, зрабіў афішу, рыхтуе фотавыставу і г.д. Выстава будзе размешчана ў фае і складзена з фотаработ Раманюка-бацькі. 

Міхась Раманюк з сынам Дзянісам у экспедыцыі ў Ганцавіцкім раёне. 1989 г. // фота з сямейнага архіва

 

Я ведаю, што многія аўтары не любяць распавядаць пра тое, што носіць характар працэсу, няздейсненай задумы, але хочацца даведацца хаця б у агульных рысах пра адметнасці вашай пастаноўкі.

У анонсе ёсць радкі: “Чырвоная ягада, чорны жбан…”. Усё будзе на сцэне – і не адна чырвоная ягада, і не адзін чорны жбан. Я не магу пра гэта цяпер расказаць, бо тое, што будзе на сцэне, трэба бачыць.

Па-першае, на сцэне будзе Дзяржаўны камерны аркестр, але без дырыжора, без Яўгена Бушкова (Яўген Бушкоў – заслужаны артыст Расіі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі – С. У.), які даў згоду, але сам у гэты час будзе недзе на гастролях, калі не памыляюся. 

Што ж да агульнай канцэпцыі, то яна, як звычайна гэта бывае, зашыфравана ў самой назве – “Вандроўнік”. Гэтае слова мае шырокае тлумачэнне. Вандроўнік не толькі па краіне, па родным краі, вёсках і г.д., а вандроўнік па дасягненнях чалавечай думкі, па чалавечым духу, а цяпер ужо і па сусвету, паколькі мы 70-годдзе адзначаем. 

Што тычыцца вандроўніка па краіне, то з гэтым больш-менш ясна. Гэтую функцыю будуць выконваць 17 беларусак, якія будуць выведзены на сцэну. У мяне ў сцэнары прапісана 15, але на сённяшні момант іх атрымалася 17. Я ні ад адной не адмоўлюся.

 

І яны ўсе будуць розныя?

Так, яны ўсе будуць розныя – у розных строях і строях аўтэнтычных. Некаторыя з іх зроблены па эскізах калекцыі Міхася Раманюка. Рарытэты выкарыстоўваць мы самі не захацелі, і я ўзгадніла гэты момант з Дзянісам. Бо апранаць на сцэну рарытэт – гэта нічога не дае. У нас жа не выстава, у нас – спектакль. Але ўсё гэта будзе адпавядаць таму, што сам Раманюк шукаў, знаходзіў, збіраў.

Такім чынам, 17 беларусак будуць выконваць ролю краіны. Кожная з іх будзе мець сваё мікражыццё і пражываць яго на сцэне. А разам з тым – і мікражыццё сваёй вёскі. І калі на пачатку спектакля у кожнай з беларусак будзе свая адметная партыя, свой голас, то па меры развіцця, калі дзеянне дойдзе да кульмінацыйнага моманту, гэта будзе адзіны вобраз – краіна Беларусь. Я не ведаю пакуль, як гэта лепш назваць. Сёння, напрыклад, на рэпетыцыі я сказала “поле”.

Сёння проста зайшла гаворка пра аўтэнтычныя жніўныя песні і я сказала: “Вось уявіце сабе поле і ўсе жнеі спяваюць, усе заняты сваёй работай, сваім клопатам, уласным жыццём, думкамі… І песні могуць быць розныя, але гэта будзе адзінае поле”. І ў спектаклі будзе тая мяжа, пераступіўшы якую, Вандроўнік апынецца на тым самым полі. Са свайго свету, мікражыцця ён пераступае і аказваецца там.

Дарэчы, поле – гэта яшчэ ўмоўнае дапушчэнне таго, што мог бы ўбачыць Раманюк, вандруючы па вёсках. Напрыклад, тое, што ён мог убачыць, зайшоўшы ў хату, ці прайсці міма плота і цераз яго ўбачыць, і г.д. З аднаго боку, гэта даволі прыземленыя вобразы на побытавым узроўні, але яны тут жа сягаюць у космас, як звычайна гэта і бывае з аўтэнтыкай. Дзякуючы гэтаму ты адразу нібыта знаходзішся ў некалькіх пластах…   

Салістка фальклор-тэатра «Госьціца» Аляксандра Грахоўская // фота з архіва Л. Сімаковіч

 

Іншая функцыя – функцыя вандравання па чалавечым духу – узнікла з маіх разваг, адкуль бяруцца такія асобы. З чаго яны ўзрастаюць, з’яўляюцца, гадуюцца? З чаго? Безумоўна, па прынцыпе вядомага выслоўя – “калі ты стаіш на плячах гіганта, ты становішся большым”. І, у прынцыпе, творца павінен стаяць на плячах. Так рабілі і Моцарт, і Бетховен, і шмат хто іншы. Гэта нармальна. Вельмі важна, што чытае чалавек у маладосці, у юнацтве, якую музыку слухае, дзе, наогул, палёт ягонай думкі. І тут узнікае класіка ва ўсіх яе праяўленнях. Магу сказаць, што ў адпаведнасці з гэтай задумай у сцэнары выкарыстаны фрагменты беларускага фальклору, аналітычныя артыкулы Лейбніца, Ле Карбюзье, проза Мура, Джойса, Гофмана, Мана, Камю, Брэдберы, Баршчэўскага, Гартнага, Гарэцкага, Мележа, Чорнага, паэзія Гаруна, Караткевіча, Барадуліна, Белага, а таксама тэксты навуковых і даследчых прац Міхася Раманюка, якія я зрабіла “жывымі”. Я іх зрабіла дыялогамі, маналогамі, то бок, навуковую працу я зрабіла жывой гаворкай. Не скажу, што мне гэта было лёгка.

У спектаклі таксама гучыць аўтэнтычны беларускі фальклор, музыка Гендэля, Іагана Себасцьяна і Карла Піліпа Эмануэля Баха, Пёрсэла, Вівальдзі. Можа быць, яшчэ Шонберга.

 

А ваша ўласная музыка будзе гучаць у спектаклі?

Не. Акрамя фальклору, беларускай музыкі не будзе наогул. Вось такі вось прынцып. Бо што можа быць больш беларускім за аўтэнтыку? Тут якраз абсалютна акрэсленае разгалінаванне, дыферэнцыяцыя.

Фальклор-тэатр «Госьціца» // фота з архіва Л. Сімаковіч

 

Часта вашыя творы заканчваюцца шматкороп’ем ці выхадам, узыходжаннем на нейкі іншы узровень. Якім фінал будзе ў “Вандроўніку”?

Тут таксама будзе шматкороп’е. Фінал будзе адначасова і вельмі ненавязлівы, і апафеозны. У ім усё сыходзіцца: і касмічнае, і зямное, і паўсядзённае, і імгненнае, і вечнае… Але ж нельга ўсё расказваць! Я магу яшчэ шмат табе распавесці, але гэта будзе супраць спектаклю.

 

Хто яшчэ, акрамя Вандроўніка, будзе галоўнай дзеючай асобай ці вельмі істотным персаніфікаваным вобразам у спектаклі?

Птушка. Цэнтральныя асобы – Вандроўнік і Птушка.

 

Гэта вельмі сімвалічны вобраз. Аліўе Месіян, напрыклад, лічыў, што птушка – істота, якая звязвае нябёсы і чалавека.  

І гэта таксама. А яшчэ – палёт, лёгкасць, паветра, свабода… Птушка будзе сядзець у героя на плячы (гэта будзе ўвасоблена сцэнічнымі сродкамі) і, у той жа час, яна будзе правакаваць Вандроўніка на пераход мяжы.

Фальклор-тэатр «Госьціца» // фота з архіва Л. Сімаковіч

 

Хто будзе задзейнічаны ў спектаклі?  

Фольк-тэатр “Госьціца”, этнагурт “Горэнь”, этнасуполка БДУ культуры і мастацтваў, шэсць чалавек з майстэрні Уладзіміра Мішчанчука з Акадэміі мастацтваў, балерына Юлія Сліўкіна. Хто будзе Вандроўнікам – не хачу пакуль казаць.

 

Вашыя спектаклі маюць, як правіла, нестандартнае жанрава-стылёвае вырашэнне. Узгадаю сучасную містэрыю “Дзень Максіма Багдановіча” ці сучасныя сцэны “S-музы́ка”, вашыя шматлікія фольк-мадэрн-балеты. Як бы вы акрэслілі жанравую своеасаблівасць новай пастаноўкі?

Роўна так, як пазначана ў афішы, – “спектакль-гімн”. Аркестр будзе спяваць свой гімн, “поле” будзе спяваць свой гімн, я самім спектаклем буду спяваць асабісты гімн. Публіка, якая прыйдзе, сваім прыходам будзе спяваць гімн.  

Наогул, калі казаць пра мастацкае вырашэнне спектакля ў цэлым, то я бяру на сябе смеласць глядзець вачыма Міхася Раманюка на тое, што ён мог сустрэць у сваім жыцці. Ва ўсялякім выпадку, я імкнуся да гэтага. Як бы толькі ўсё гэта давесці, ажыццявіць… Бо сапраўдная цяжкасць палягае ў тым, што, калі гэта тэатр, то ўсе службы працуюць на цябе. Гэта іх работа, і яны абавязаны яе рабіць – і то часам здараюцца ўсякія неспадзяванкі. А тут жа службы не абавязаныя на цябе працаваць! 70 адсоткаў маіх сіл ідзе на службы – угаварыць, папрасіць, дамовіцца…

Фольк-мадэрн-балет «Зацірка» (харэогр.-пастаноўшчык Л. Сімаковіч) // фота з архіва Л. Сімаковіч

 
Вы абмовіліся, што Міхась Раманюк перакуліў светапогляд цэлага пакалення, а кім ён быў уласна для вас?

Я з ім асабіста не была знаёмая, але ён мяне ведаў добра. У той час я вельмі часта выходзіла на сцэну, выступала з той жа “Госьціцай” і г.д. Вядома, я купляла альбомы Раманюка, захаплялася тым, што ён рабіў. “Госьціца” апраналася, арыентуючыся толькі на гэта, на ягоныя здымкі. А ты ўзгадай, зірні на твары гэтых бабуль – гэта ж каралеўны! Ён так здымаў, што на іх тварах было бачнае жыццё. Да прыкладу, ёсць здымак бабулькі з яйкамі, і ў мяне будзе абсалютна такая ж сцэна. У спектаклі будуць нават такія сцэны – нібыта “знятыя” са старонак альбомаў Раманюка.

Здымак бабулі Сафеі ў кнізе М. Раманюка «Беларускае народнае адзеньне»

Сапраўды, ён перакуліў свядомасць сваіх равеснікаў, памяняў уяўленні. Як Дзяніс Раманюк казаў, што Марачкін, Купава і ўсё гэтае пакаленне сталі па-іншаму маляваць беларусак. Калі я гляджу на іх карціны, то пазнаю раманюкоўскія постаці. Наогул, перад кожным такога роду беларусам я ўнутрана стану на калені. Гэта жыццё-подзвіг, жыццё-служэнне… Міхась рабіў жа гэта ўсё за свае грошы. Кожная экспедыцыя, камандзіроўка, усе прылады, фотаапараты – за свае грошы. У мяне спачатку спектакль быў названы “Апантаны радзімай”, а потым я ўжо знайшла адно слова для назвы, але ў прынцыпе так і ёсць. Ён быў апантаны радзімай. Гэта тое, да чаго ніхто не абавязвае. Да таго ж, у свае вандроўкі ён браў з сабой і сына.

 

А альбом “Беларускія крыжы”…

Гэта проста нешта неверагоднае! Назвы вёсак, якія прапісаны ў сцэнары, я брала адтуль. Адны назвы – гэта ж паэзія! У мяне кожная вёска пра сябе гаворыць. Паслухай толькі: Знягневічы, Палхуны, Радута, Занавіны, Курдзякі, Касута, Лушчыкі, Мілавіды, Яромічы. Гэта ўсё рэальныя назвы вёсак, якія я выпісала з “Беларускіх крыжоў”.

Радуніца // фота М. Раманюка з альбома “Беларускія народныя крыжы”

 

Што вас матывуе на стварэнне такіх маштабных праектаў? У вас няма сваёй рэпетыцыйнай базы, пастаяннай трупы, “Госьціца” пасля высялення з Белтэлерадыёкампаніі з 2004 года з’яўляецца бяздомным калектывам, вашыя спектаклі, якія ўскалыхваюць мастацкую грамадскасць, становяцца сапраўднымі падзеямі, паказваюцца толькі адзін раз. Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя неспрыяльныя ўмовы, вы ўсё роўна робіце сваю справу…

Парода, напэўна, такая. Што мяне матывуе? Па-першае (хаця я нават не ведаю, што першае), ёсць моманты, якія можна назваць “маўчаць па-беларуску” (такую назву мела адна з харэаграфічных мініяцюр Л. Сімаковіч – С. У.), а ёсць моманты, дзе маўчаць немагчыма. І, дарэчы, гэта момант ісціны. У кожнага ён свой – 3 секунды, 2 секунды, хвіліна. Нехта праходзіць міма гэтага моманта ісціны і далей спакойна сабе жыве, але праходзіць міма. А ёсць катэгорыя людзей, якія, можа быць, і нядоўга жывуць, і паміраюць, можа, не сваёй смерцю. Раманюк, дарэчы, калі здарылася Чарнобыльская аварыя, збіраў рэшткі па Хойніцкім раёне. Ад гэтага і памёр – ад перадазіроўкі радыяцыі. Можа быць, ён і верыў, што “а раптам абміне?”, як гэта звычайна кожны чалавек думае. Не абмінула. Але нават сама думка не спыніла. І калі б яму сказалі, што “не абміне”, ён усё роўна пайшоў бы, таму што ў Хойніках засталіся скарбы народнай культуры. “І што пасля гэтага маё жыццё? – гэта я разважаю думкамі Міхася Раманюка. – Як я буду далей жыць, калі там усё гэта гіне? Як я буду спакойна сядзець у хаце?”…

Дарэчы, тое ж самае было з Каліноўскім. Ён мог пазбегнуць павешання, яго папярэдзілі пра тое, што яго чакае, сказалі нават канкрэтны час – калі. На выгане стаялі запрэжаныя коні, на якіх ён мог па тракце ўцячы ў Варшаву і захаваць сваё жыццё, але ён не захацеў. Зноў – тая ж самая паралель. Вось давайце зробім такое дапушчэнне: Каліноўскі ў Варшаве, ён жывы, п’е каву, а там, адкуль ён збег, вешаюць людзей. А там усё роўна распраўляюцца з паўстаннем. І чалавек выбраў не паехаць. Зноў ж такі, выбраў момант ісціны, а не такое жыццё. Раманюк – тое ж самае.

Калі вярнуцца да маёй асобы, узгадаем “Максіма Багдановіча” (прэм’ера сучаснай містэрыі “Дзень Максіма Багдановіча” адбылася 10 снежня 2008 г. на сцэне Белдзяржфілармоніі. Ролю М. Багдановіча сыграла Святлана Зелянкоўская – С. У.). На прагоне сядзелі ідэолагі, і Зелянкоўская агучвала не ўвесь тэкст, прапускала асобныя радкі, пра што мы з ёй дамовіліся. Інакш бы спектакль не выпусцілі. А можна ж было Багдановіча не рабіць. Гэта не мая праца, я па-іншаму грошы зарабляю. Тое ж самае і з цяперашнім спектаклем. Усё ж такі, гэта нейкі момант ісціны. Канешне, у маім выпадку зусім не тыя маштабы, сітуацыя, як у згаданых вышэй асоб. Але ж нават і тут існуе свой момант ісціны – ісціны на адзін вечар. Калі яно ўдаецца, транслюецца, – вось гэта рухае мною, гэта матывуе. Да таго ж, падобныя спектаклі даюць класную мажлівасць зрабіць дзень Паэта, дзень Асобы, якіх нам так не хапае…  Важ­на ні­ко­му не скар­дзіц­ца, а прос­та ра­біць сваю спра­ву. 

І яшчэ адзін момант. Паколькі наша грамадства падзеленае, і гэтая мяжа абсалютна акрэсленая, адчувальная, пачынаючы з беларускамоўнасці і г.д., то праз падобныя творы, спектаклі я вызначаю, не хаваючыся, дзе я, на якім баку. І ў гэтым ёсць своеасаблівы кайф – не хавацца ў кустах, на шаптацца, а быць празрыстай.   

Сцэна з мюзікла-прыпавесці “Апокрыф”, прымеркаванага да 120-годдзя М. Багдановіча (кампазітар, рэжысёр-паст. Л. Сімаковіч) / Белдзяржфілармонія. 2011 // фота: © Аляксандр Ждановіч, budzma.org

 “Вандроўнік” таксама будзе аднаразавым праектам, як і заўсёды адбываецца з вашымі прэм’ерамі?

Так. Дзякуй Богу, калі хто паднімецца на адзін раз, а на другі – хто ж гэта паднімецца? Гэта ж не тэатр! Ва ўмовах філармоніі гэта непад’ёмна. Але ж ка­лі да мя­не пры­хо­дзіць ідэя і ёсць мажлівасць яе ўва­со­біць, то я ра­зу­мею: трэ­ба ра­біць. Хай сабе гэта і будзе імпрэза аднаго дня.

Ці ёсць у вас задумы, ідэі, якія б вам вельмі хацелася ўвасобіць, тэмы, на якія б хацелася выказацца?

Я безупынна думаю пра “Госьціцу”. Я назіраю, хто, дзе і чым зараз з іх займаецца, я бачу, як ім хочацца самавыказвацца. Патэнцыял, які яны адчулі яшчэ тады – у “Госьціцы” – ён нікуды не падзеўся і просіцца да рэалізацыі. Гэта іх матывуе, што вельмі добра. Але зноў ж такі па сваім назіранні я бачу, што “Госьціца” і кожны з іх здольны на большае, на маштабнае і патэнцыял свой выкарыстоўвае толькі на частку сваіх здольнасцяў. І я разумею, чаму. Здольнасці, талент трэба песціць, назіраць за ім, улагоджваць. Нездарма ж існуе такая дыспазіцыя: акцёр – рэжысёр. Ёсць акцёры – артысты, якія без рэжысёра не могуць існаваць, а ёсць творцы самадастатковыя, якія самі ставяць, здымаюць і г.д. Але ж якая гэта раскоша, камфорт, калі ў цябе ёсць свой рэжысёр, ты яму давяраеш і ён для цябе стварае ўсе ўмовы, у якіх ты раскрываешся найлепшым чынам! Я, дарэчы, з самых ранніх гадоў (нават не памятаю, з якога ўзросту) адчувала сябе артысткай. І я памятаю, як я марыла, жадала знайсці свайго рэжысёра, які так мне і не сустрэўся па жыцці.

Фальклор-тэатр «Госьціца» // фота з архіва Л. Сімаковіч

Калі вярнуцца да нерэалізаваных задум, то ў маёй галаве даўно ўжо гатовы “Чалавечы голас”, знойдзены той самы ход, як бы я паставіла гэтую монаоперу Пуленка. Гатова хоць заўтра ўзяцца за яе пастаноўку.

І пастаянна думаю пра “Госьціцу”…             

 

Фальклор-тэатр «Госьціца» на фестывалі ў Варшаве ў 2006 г. Злева направа: Аляксандра Грахоўская, Марыя Сазонава, Ларыса Сімаковіч, Святлана Зелянкоўская, Святлана Яфімава // фота з архіва Л. Сімаковіч

      

[1] Фольк-мадэрн-тэатр «Госьціца» створаны Л. Сімаковіч ў 1986 г. на базе Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Гэта унікальны калектыў, прафесіяналізм якога выяўляецца як у музычным (артысты валодаюць адначасова аўтэнтычнай манерай спеваў і пастаўленым класічным бельканта) , так і танцавальным мастацтве . “Госьціца” стала першым тэатрам танца ў гісторыі айчыннага харэаграфічнага мастацтва. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам фальклорных і тэатральных фестываляў у Беларусі, Расіі, Эстоніі, Польшчы, Даніі, Італіі. У 2004 “Госьціца” была пазбаўлена сваёй рэпетыцыйнай базы, аднак яе асобныя ўдзельнікі працягваюць збірацца для праектаў Л. Сімаковіч (прэм’еры музычна-тэатральных спектакляў “Свадзебка”, “S-музыка”, “М. Б.” і інш. у пастаноўцы Л. Сімаковіч на сцэне Белдзяржфілармоніі).                                                                                            

[2] Міхась Раманюк (1944-1997) — беларускі мастацтвазнаўца і этнограф. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусі» і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танца Беларусі. За ўласныя грошы правёў дзясяткі этнаграфічных экспэдыцый, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцый традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў М. Раманюка налічвае звыш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай дзейнасьці М. Раманюка — артыкулы і ілюстрацыі ў энцыкляпэдыях: «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя», «Энцыкляпэдыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі». У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзеньне», што складаецца з архіўных фотаздымкаў ды фотаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспедыцы 1967—1980 гадоў. Унікальная фундаментальная праца М. Раманюка “Беларускія народныя крыжы была выдадзена Дзянісам Раманюком пасля смерці бацькі.

_______
Читать по теме:
_______