У Беларускім тэатры «Лялька» ў Віцебску сёння прэм’ера — спектакль для дарослых «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў». Пастаноўку паводле твораў найвыбітнейшага беларускага пісьменніка ХХ стагоддзя Уладзіміра Караткевіча ажыццявіў мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Клімчук. 

источник фото: kraj.by

Як паведаміла TUT.BY кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Крысціна Бондарава, гэта пастаноўка завершыць трыпціх спектаклей, свораных на сцэне «Лялькі» паводле твораў Караткевіча. «Забыты скарб» на аснове казкі «Чортаў скарб» быў арыентаваны на маленькіх гледачоў, а «Ладдзя Роспачы» паводле аднайменнай аповесці — на дарослую аўдыторыю. Пастаноўку гэтых спектакляў таксама ажыццявіў Віктар Клімчук.

«Спектакль-фантазія на адну дзею «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» перанясе гледачоў у часы сярэднявечча на Беларусі. Тады кнігі былі забароненыя, адзінай зброяй была музыка, а выратавальнікамі — вандроўныя песняры. Лепшым з такіх музыкаў, які насіў у сваім сэрцы любоў да роднай зямлі і нагадваў людзям аб забытай свабодзе, гонары і радасці, быў скрыпач Алесь Бан-Жвірба. «Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі — шэлег табе цана», — нагадвае нам Уладзімір Караткевіч вуснамі Бана-Жвірбы аб сапраўдным прызначэнні не толькі творцы, але і кожнага чалавека», — распавяла Крысціна Бондарава пра новую працу віцебскіх лялечнікаў.

Cпектакль насычаны танцамі, беларускімі традыцыйнымі абрадамі, спевамі, замовамі. У ім занятыя сямёра артыстаў, у асноўным — моладзь. Так, для Марыны Марозавай, якая выконвае ролю Марты, гэта першая галоўная роля. У ролі яе каханага Янука — Сяргей Талкач. Алеся Бан-Жвірбу іграе Юрась Франкоў. Інсцэніроўка, лялькі і касцюмы зроблены Ганнай Сідаравай, сцэнаграфія і праекцыя — Аляксандрам Сідаравым. Над харэаграфіяй працавала Дзіяна Юрчанка, над музычным афармленнем — Алена Яўневіч.

З кастрычніка спектакль «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» увойдзе ў рэпертуар «Лялькі». Сёлетні творчы сезон стане для віцебскіх «лялечнікаў» ужо 28-м па ліку.

Нагадаем, што прэм’еру паводле Караткевіча — спектакль «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — некалькі дзён таму прадставілі і ў драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску.
// источник: afisha.tut.by

Другие новости по теме: