«Podróż na Wschód» — гэта загаловак выставы, дыскусіі і рэалізацый у беластоцкай гарадской прасторы, а таксама спадарожных ім мерапрыемстваў, сарганізаваных у Беластоку ў межах культурнай часткі польскага старшынства ў Еўрасаюзе. У гэтае падарожжа былі запрошаны сорак мастакоў і крытыкаў мастацтва родам з Польшчы і — у шматлікіх выпадках не пражываючых у краінах свайго паходжання — з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Украіны і Малдовы, значыць, з краін, ахопленых еўрасаюзным праектам «Усходняе партнёрства» (жартаўліва званага па-руску «БУМАГА», ад першых літар назваў дзяржаў-членаў гэтага праекта).

Чынгіз / „Мадыфікацыя Азербайджана” / 2011

Галоўную частку «Падарожжа на Усход» (загаловак спасылаецца на кнігу Германа Гесэ) складае выстава, адкрытая ў галерэі «Арсенал» і ў старой электрастанцыі (вул. Электрычная, 13), якая ўжо неўзабаве будзе часткай гэтай галерэі. Працы ў беластоцкай прасторы паявіліся ўжо пару дзён да адкрыцця. Так вось сваю «жывую» працу «Мадыфікацыя Азербайджана» будаваў, між іншым карыстаючыся толькі сваім імем, Чынгіз, які нарадзіўся і жыве ў Баку. Ягоны твор узнік у двары палаца Браніцкіх. Была гэта вялiзная карта Азербайджана, скампанаваная з пладоў, гародніны, лісця і карэння, якія падвяргаюцца натуральнаму распаду, падобна, як казаў аўтар, сучаснае жыццё ў Азербайджане з адбіткам былога, цалкавітага падпарадкавання СССР.

Стэфан Русу / "Адкрытая кватэра" / 2011

Іншы з твораў — «Адкрытая кватэра» Стэфана Русу (пражываючага ў Кішынёве і Бухарэсце) узнік на пляцы Яна Паўла ІІ і гэта шматфункцыянальная інсталяцыя ў форме будынка з выхадамі адчыненымі на вуліцу, якія запрашаюць гледачоў наведаць яго.

Стэфан Русу  / «Адкрытая кватэра» / 2011

У сваю чаргу «Арэлі на дваіх» Вечаслава Друты з Малдовы (жыве ў Кішынёве і Манрэале), пастаўленыя на тэрасе Цэнтра імя Людвіка Заменгофа, заахвочваюць сваіх карыстальнікаў да сінхранізацыі руху на гайдаючыхся седалах.

Вечаслаў Друта / „Арэлі на дваіх” / 2011

Затое схільваючы да палітычна-гістарычных роздумаў кардонны «Чырвоны леў» быў пастаўлены перад уваходам ва Універсітэт у Беластоку (раней сядзіба Ваяводскага камітэта ПАРП) Іааннай Райкоўскай, аўтаркай выклікаючай рознагалоссе «пальмы» на варшаўскай кругавой развязцы перад будынкам Біржы каштоўных папер (раней сядзіба Цэнтральнага камітэта ПАРП). Згодна з першапачатковым архітэктурным праектам ільвы мелі фактычна быць пастаўлены перад беластоцкім Домам партыі.

 

– Гэтая інсталяцыя – уступ да дэбаты аб тым, у які спосаб трактуем гісторыю. Чаму мінулае і яго матэрыяльныя сляды прабуем зацерці.

Іаанна Райкоўска / "Чырвоны леў" / 2011

Тры дні да афіцыйнага пачатку «Падарожжа», у час прэс-канферэнцыі Сяргей Шабохін, 27-годак народжаны ў Наваполацку, пражываючы ў Мінску (як адзін з пяцёркі, якая прадстаўляла беларусаў у час гэтай імпрэзы, не пражываючы і не ствараючы па-за беларускімі межамі), распытваны «Нівай», гаварыў у палацавых агародах:

– Беларусь цяпер апынулася ў сітуацыі, калі дзяржава звярнула ўвагу на неафіцыйнае мастацтва. Streetart ці popart сталі для ўлад менш небяспечнымі. Тое, што да гэтай пары было ў андэграўндзе, ад двух гадоў мае магчымасць актывізавацца больш адкрыта. Два гады таму група мастакоў сарганізавала альтэрнатыўнае венецыянскае біенале ў Мінску [біенале ў Венецыі – адна з выставак з найбольшым рэнамэ ў свеце – М. Х]. Яны назвалі гэта «Беларускі павільён 53 Бенале ў Венецыі. Запрасілі ў той час прадстаўнікоў нашых міністэрстваў, звяртаючы ўвагу, што ў Венецыі ўжо ў 53 раз арганізуецца Біенале, а беларусы на яго не былі запрошаны ані разу. Нечакана для нас сёлета было заяўлена, што можна ехаць. Прытым ніхто з арганізатараў незалежнага павільёна гэтага раней не кансультаваў. Вядомым, аднак, нам здаецца, што наш міністр культуры Павел Латушка [былы пасол РБ у Польшчы – М. Х.] меў на гэта ўплыў. Мабыць, гэта ён ініцыяваў наш удзел у Венецыянскім біенале.

Сяргей Шабохін і яго інсталляцыя ART TERRORISM / 2011

Малады мастак адзначыў:

– Найбольшым абмежаваннем сучасных мастакоў у Беларусі з’яўляюцца фінансавыя акалічнасці. За тыя грошы, якія мастак за сваю працу г.зв. другой катэгорыі атрымлівае за мяжой, у Беларусі магла б месяц існаваць галерэя.

У старой электрастанцыі (тут паказалася ўся пяцёрка беларусаў) Сяргей Шабохін прадстаўляў відэа (плынь у сучасным мастацтве – art video) ART TERRORISM. Прадстаўнікі беларускай культуры ў кароткіх іранічных заявах выказваюць слоганы аб сучаснай культуры і яе становішчы ў Беларусі. Мастак намякае на тое, каб г.зв. голас крэатыўных адзінак быў сур’ёзна ўспрыняты: «неабходным з’яўляецца ўвасабленне ў ролю тэрарыста, які, будуючы атмасферу перапалоху, прымяняючы шантаж і насілле, прадстаўляе сваю пазіцыю ў справе культуры».

Сяргей Шабохін з’яўляецца куратарам адзінай у цяперашні час незалежнай галерэі ў Мінску «Ў» («У кароткае»), якая дзейнічае няпоўныя два гады. Мастак нядаўна адкрыў сайт www.ARTAKTIVIST.org, на якім можна пазнаёміцца з творчымі дзеяннямі незалежных, альтэрнатыўных беларускіх мастакоў. Аб ужываным сабою паняцці арттэрарыст сказаў «Ніве»:

– Гэта нейкая іронія. У Беларусі раней стварыўся вобраз артыста-партызана, які вядзе барацьбу. Цяпер арттэрарызм – больш адпаведнае паняцце пры тым, што цяпер адбываецца ў нашай культуры. Гэтае паняцце было створана, каб мастак быў лепш чутны.

Алег Юшко / Traffic signs / 2008

Алег Юшко (народжаны ў Мінску ў 1974 г.), пражываючы цяпер у Дзюсельдорфе, у запісаным на відэа перформансе, зрэалізаваным у Непале, высыпаў дарожныя знакі з каляровых пігментаў:

– Мая творчасць у Беларусі вядомая толькі ў вузкіх колах. Больш за пяць гадоў жыву за мяжой. Мая апошняя выстава ў Беларусі адбылася шэсць-сем гадоў таму. У Мінску кантактуюся толькі з галерэяй «Ў». Паколькі мае погляды на мастацтва ўфармаваліся ў Беларусі, я лічу сябе беларускім мастаком. Мова мастацтва не можа быць лішне фальклорная, а ўніверсальная, зразумелая для ўсіх.

Ганна Школьнікава / інсталяцыя „Каралева” / 2011

Ганна Школьнікава (1976 г. нар.) жыве ў Берліне. У адным з зацемненых, малых куточкаў старой электрастанцыі расклала на падлозе канапляныя шнуры ў форме кветак (загаловак: «Каралева»). Гэтай блытаніне вяровак спадарожнічае лунаючы ў паветры пах ружаў, які – здавалася б неспадзявана – быў кантрапунктам да „індустрыяльнага” яшчэ паху былой электрастанцыі:

– Пах з’яўляецца чымсьці такім, што ці хочаш гэтага ці не, мусіш адчуваць, і які, хочаш гэтага ці не, уплывае на нашу псіхіку, на нашае псіхічнае самаадчуванне, на цэлых нас. Я заўсёды шукала спосабу выказаць свае гіпернюхавыя здольнасці. Таму занялася ароматэрапіяй. Пах ружы, які я выкарыстала ў працы на гэтай выставе, на людзей уплывае вельмі пазітыўна: папраўляе іх настрой і самаўпэўненасць. Я хацела дзякуючы гэтай працы стварыць такую сітуацыю, каб людзям было добра.

Аб сваёй эміграцыі Ганна Школьнікава расказвала «Ніве»:

– Я маю мала выставак у Беларусі. Можа таму мяне там мала ведаюць. Я спачатку з’ехала ў Дзюсельдорф, пасля ў Парыж, на канец трапіла ў Берлін. Чаму Берлін? Там вельмі лёгка жыць артысту. Не трэба там чагосьці асаблівага дабіцца, каб адчуваць сябе добра. Для мастака там сітуацыя камфортная: можа там рабіць, што хоча.

Марына Напрушкіна / кадр з відэа „Галоўны план” / 2011

Народжаная ў Мінску, жыхарка Берліна Марына Напрушкіна (1981 г. нар.) прадставіла працу ў форме графічнага аповеду «Пераканаўчая перамога». Гэта дзве гісторыі – у версіі афіцыйнай прапаганды і незалежных СМІ – якія расказваюць аб дэманстрацыі ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня мінулага года. У сваю чаргу яе відэа «Галоўны план» з’яўляецца аповедам вядучых ва ўсім СССР прамысловых архітэктараў, што расказваюць як будавалі Мінск. Фільму спадарожнічае серыя рысункаў «Ванечка», уручную спісаных успамінаў Клары Боўт, жонкі вядомага архітэктара Івана Боўта.

Марына аб паказаным у электрастанцыі фільме:

– У Мінску была моцная прамысловая архітэктура. Такія аб’екты будаваліся на галоўных праспектах горада. Паколькі прадпрыемствы падтрымліваюцца дзяржаўнымі субвенцыямі, іх будынкі надалей функцыянуюць.

Аб праекце газеты (дарэчы, выдадзенай па-польску ў фармаце і аб’ёме «Нівы» беластоцкім «Арсеналам» і прэстыжнай варшаўскай галерэяй «Захэнта»):

– Газета-комікс «Пераканаўчая перамога» была падпольна распаўсюджваная ў Беларусі і трапіла таксама ў шаснаццаць краін. Я хацела, каб сапраўдная інфармацыя аб бягучай сітуацыі ў Беларусі пашыралася. Людзям у Беларусі цяжка парваць са стэрэатыпамі, якія навязвае мова прапаганды.

Александр Камароў / кадр відэа „Галасы” / 2011

Аляксандр Камароў (1971 г. нар.) нарадзіўся ў Гродне. Жыве ў Ратэрдаме і Берліне. У відэа «Галасы» спрабаваў – як напісалі ў каталогу выставы – «паказаць рэлігію як элемент пранікання ў грамадскае і прыватнае жыццё». «Ніве» тлумачыў:

– Лацвей жыць там, дзе жывецца лягчэй. Я нячаста выстаўляюся ў Беларусі. Цяжка там паказваць такія працы, як мае, бо няма адпаведных устаноў і сродкаў. Не толькі мастакі, але і ўсе беларусы, павінны ездзіць па свеце, трохі там пажыць.

 

Яшчэ ў час інаўгурацыі «Падарожжа» віцэ-міністр культуры Моніка Смолень, з якой згодны быў прадстаўнік МЗС у Варшаве Раман Кавальчук, адзначыла:

– У час польскага прэзідэнцтва хочам паказаць, што культура не з’яўляецца каштоўнасцю самой у сабе, але і незвычайна важным фактарам эканамічнага і грамадскага развіцця, што вельмі часта гэта культура і артысты з’яўляюцца пачаткам змен, што гэта дзякуючы культуры будуем крэатыўныя, інавацыйныя і адкрытыя грамадствы. Гэтая выстава з’яўляецца доказам, што так ёсць у сапраўднасці. Гэтая выстава стварае таксама шанц дыялогу.

Elene Rakviashvili / Tam, gdzie należysz / 2010

Прысутная на двухдзённай імпрэзе крытык мастацтва і дырэктар Нацыянальнага музея ў Варшаве Агнешка Маравінская сказала нам:

– На гэтай выставе мова мастацтва – універсальная, а вельмі часта тэмы – лакальныя. Датычыць гэта презентаванага тут мастацтва беларусаў, але і прадстаўнікоў іншых народаў. Беларускае, можа, для нас больш універсальнае, таму што датычыць краіны, у якой няма такой свабоды, якая ёсць у іншых дзяржавах. Вядома, шукаецца ў ёй адносін да рэальнасці і яны існуюць. Супольная рыса ў шмат якіх працах мастакоў з краін «Усходняга партнёрства» на гэтай выставе – зацікаўленасць у рэальнасці, у штодзённасці. І, мабыць, гэтым гэтае мастацтва заваёўвае Захад – што не мае адчужанасці, акадэмічнага холаду, супраць якога трэба нам бунтавацца. Тут усё – свежае.

 

Кіраўнік «Арсенала» і куратар выставы Моніка Шэўчык:

– Гэтая выстава – пазапалітычная. Стараемся не ствараць нацыянальных гетаў. Мы паставілі мастакам пытанне пра любоў як пра ўтапічны прынцып супольнасці, абапіранне дзяржавы, грамадства на пазітыўныя адносіны і на дабрыню ў адносінах адны на адных. Хто мае на гэтае пытанне адказаць, як не артысты. Палітыкі на гэта не адкажуць, альбо і адкажуць, ды неабавязкова згодна з праўдай. Палітыка тут фільтруецца ўражлівасцю мастакоў, якія маюць да сябе вялікую пашану. Найважнейшыя ў гэтых працах міжчалавечыя адносіны.

Ганна Школьнікава, Марына Напрушкіна і Сяргей Шабохін на адкрыцці выставы

Усе беларускія мастакі, якія прынялі ўдзел у праекце «Падарожжа на Усход», удзельнічалі ў завяршаючайся якраз калектыўнай выставе «Адчыняючы дзверы? Новае беларускае мастацтва» ў галерэі «Захэнта». Была гэта першая такога тыпу прэзентацыя ад дзесяці гадоў, падобна як унікальная была блізка тры гады таму ў беластоцкім «Арсенале» прэзентацыя «Беларускія перспектывы», аб якой у той час мы шырока пісалі. У рамках спадарожных імпрэзаў, а зрэалізаваных у час «Падарожжа на Усход» (выстава працягваецца да 30 верасня), у старой электрастанцыі 22 верасня ў дыскусіі аб стане сучаснага мастацтва Беларусі прыме ўдзел адзін з найвыдатных сучасных беларускіх мастакоў Андрэй Дурэйка ды прадстаўнікі мінскай галерэі «Ў».

 

Мацей ХАЛАДОЎСКІ // «Ніва» н-р 33, 14.08.2011

 

_______
Читать по теме:
_______