24 кастрычніка ў межах выставы Аляксея Талстова «Самакантроль» адбудзецца дыскусія «Глабальны свет вачыма беларусаў»

// © фота Вікі Шчарбаковай // крыніца: ygallery.by

Яшчэ колькі год таму ў беларускім культурніцкім асяроддзі актыўна абмяркоўвалі праблему таго, што аўтары з Беларусі не працуюць з мясцовым кантэкстам. Сёння мы ледзьве не штомесяц бачым новы праект (у розных месцах і формах), які мае непасрэднае дачыненне да беларускай тэматыкі.

Ствараецца ўражанне, што і выстава «Самакантроль» Аляксея Талстова, таксама пра Беларусь, хаця ў экспазіцыі няма аніводнай простай спасылкі на нашую краіну. Тым не менш, тая тэма, якая ляжыць на паверхні мастацкага выказвання — менавіта знешні свет, які большасць беларусаў да гэтага часу ўспрымае ў асноўным праз розныя медыя — таксама вартая пільнай увагі і крытычнай ацэнкі.
Як знаходзячыся ў Беларусі мы можам казаць пра глабальны свет і тыя працэсы, якія там адбываюцца? Адкуль мы бярэм інфармацыю і якія ў нас ёсць рэсурсы (веды, адукацыя, досвед), каб яе інтэрпрытаваць?

Калі ў Заходнім свеце ключавымі паняткамі сёння з’яўляюцца — мультыкультуралізм, сучасныя тэхналогіі, крызіс публічнасці, то якія паняткі асноўныя для нас?

У дыскусіі возьмуць удзел:

Аляксей Братачкін — гісторык, рэдактар інтэрнэт-парталу «Новая Эўропа»;

Інга Ліндарэнка — мэнэджэрка мульцімедыйнага моладзевага часопісу «34mag.net»;

Лідзія Міхеева — сацыяёлог, даследчыца візуальнай культуры;

Аляксандр Сарна — філосаф, перформер, медыя-аналітык;

Вольга Шпарага — філосаф, рэдактарка інтэрнэт-парталу «Новая Эўропа».

Мадэратар — Таццяна Арцімовіч.

Да абмеркавання запрашаюцца ўсе ахвочыя, асабліва тыя, хто у гуманітарнай, філасофскай, сацыяльнай, гістарычнай і інш. сферах працуе з гэтай тэмай.

/ крыніца: www.n-europe.eu