В рамках редакторской темы Тамары Злобиной ART AKTIVIST публикует текст Марии Мартысевич, вышедший в 2008 году в альманахе «pARTisan».

I

МУЖЧЫНЫ, ЯКІХ МЫ ВЫБІРАЕМ

Я вельмі люблю мужчынаў. Асабліва беларускіх. Прычыну маёй любові да беларускіх мужчынаў патлумачыць проста: мяне ўсё жыцьцё непрагматычна й неадольна цягне да няўдачнікаў. Ёсьць штосьці неапісальна кранальнае ў тым, як яны хутаюцца ў шалікі, вінавата пасьміхаюцца, какетліва камплексуюць, не адважваюцца зрабіць першы крок, абараніць сваё меркаваньне й знайсьці сваё месца пад сонцам. Гэта зачароўвае мяне. Гэта прымушае мяне задумацца.

«Бо я мужык, дурны мужык», — слова «мужык» у гэтым рэфрэне народніцкага вершу я зь дзяцінства ўспрымала не як клясавае азначэньне, а як гендэрнае. Мне чамусьці здаецца, што Янка Купала ў гэтым тэксьце й іншыя клясыкі ў іншых тэкстах, якія мы вучылі на памяць для іспыту па роднай літаратуры і таму сьнім у неспакойных рэтраспэктыўных снах, — мне здаецца, што яны нікога не заклікалі скідаць ярмо прыгнёту, яны канстатавалі сваё сьветаадчуваньне, асэнсоўвалі сваю запраграмаванасьць на творчую й жыцьцёвую паразу.

Апошнія 200 гадоў паказалі: Беларусь — немагчымая місія. І тым больш захапляюць героі, якія, нягледзячы ні на што, вераць і паўстаюць («А раптам нешта й будзе?»), але, у адрозьненьне ад галівудзкіх, каб прайграць, і паміраюць, прайграўшы. Найлепшыя мужчыны нашай гісторыі — гэта стомленая й перапэцканая каманда рэгбістаў Віленскай беларускай гімназіі, якія, папраўляючы паламаныя пэнснэ, сыходзяць з поля, дзе іх толькі што зьмяла каманда Ітана. Нам на трыбунах застаецца толькі замілаваньне гэтым маркотным сыходам.

Владимир Цеслер / «Ольга» // источник: www.tsesler.com ©

У мадэрнай беларускай літаратуры храналягічна першым лузэрам быў, відаць, лірычны герой Паўлюка Багрыма, якога, зрэшты, ніхто й ніколі не аддзяляў ад аўтара — падлетка, які за адзін сшытак вершаў стаў жаўнерам Расійскай арміі, а пасьля — маўклівым кавалём, і самым пасьпяховым праектам у ягоным жыцьці была нейкая там жырандоля. Але эталённага няўдачніка выявіў Францішак Багушэвіч у паэме са знакавай, як на пачатак новай культурнай сытуацыі, назваю «Кепска будзе». Гаротны Аліндарка, які пачаў з таго, што нарадзіўся ў марцы, і ў гэтым бачыў містычную прычыну сваіх жыцьцёвых няўдачаў. Пахрышчаны жанчынаю ў рэчцы, празь непаразуменьне названы дзівацкім імем, ён нізавошта трапіў у астрог: паэма заканчваецца тым, што яго, «дзякуй Богу, адпусьцілі / у той дзень, як і хрысьцілі». Няўдачнік — гэта ўвогуле скразны герой беларускай сацыякультурнай прасторы, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага, у якога нічога не атрымалася. Кажуць, што гісторыя пішацца пераможцамі. Гісторыя Беларусі — выключэньне, бо яна пісалася няўдачнікамі («Кароткая…» — дык адным з самых культавых лузэраў Вацлавам Ластоўскім). Нашыя неафіцыйныя клясыкі — таксама спрэс няўдачнікі. Гэта й мілыя няздары-сухотнікі Максім Багдановіч і Ігнат Канчэўскі, і Тарашкевіч, Гарэцкі, Аляхновіч, якія знайшлі гвалтоўную сьмерць, і новы Багрым Уладзімер Дубоўка, і Сяргей Грахоўскі, які нарадзіўся ў вёсцы Нобэль, але трапіў у ГУЛАГ і ніколі не бываў у Стакгольме, і беларускі габрэйскі паэт Аркадзь Гейнэ, які загінуў у 1942 годзе ў галакосьце, і безьліч іншых — няўдачнікаў нагэтулькі, што сёньня пра іх ніхто ня ведае: беларуская Вальгала — Курапаты. Аднак сумаю сваіх няўдачаў яны стварылі кантэкст нашага існаваньня, і ў гэтым — іх самая галоўная ўдача.

І вось час, калі жыць нам. На вялікай перамене ў клясе застаюцца толькі дзяўчаты — мы рассоўваем парты й крэслы для кляснай дыскатэкі й увогуле мысьлім пазытыўна, а яны, бледнатварыя й чырванашчокія, з вачыма як валошкі й валасамі як лён, з патэнцыйным iq 130, плоскаступнёвасьцю, скаліёзам і іншымі падставамі не ісьці ў войска, вычытваюць сваю паразу ў школьных хрэстаматыях і прымаюць як дадзенае, гэтаксама, як і вычытаную з падручнікаў біялёгіі адсутнасьць у сабе ёду, яны ўсмоктваюць гэта са сваім першым партвэйнам на задворках школы: беларус — няўдачнік, і ні ў чым няма ратунку. Няўдачнік — унівэрсальная карма кожнага мужчыны, на якім стаіць акцыз Belarus, яна ахоплівае як інтэлектуальную сфэру, так і матэрыяльна-побытавую. І аналізуючы іх вершы, і прыбіраючы з падлогі іх шкарпэткі, і слухаючы іхныя перадвыбарчыя выступы, разумееш: лузэрства той паловы жыхароў Беларусі, якую чамусьці называюць «моцнаю», — зьява генэтычная. Я ўвогуле ня ведаю ніводнага беларускага мужчыны, за якога Божаньку можна паставіць залік па працоўным навучаньні.

Владимир Цеслер / "Ботинок" // источник: www.tsesler.com ©

Слова «Свабода» — жаночага роду, а ягоны сынонім «Воля» дык увогуле супадае з папулярным жаночым імем. Калі 20 сакавіка на Плошчы пасьля абаяльнага няўдачніка Аляксандра Мілінкевіча слова ўзяла ягоная жонка Іна Кулей, адразу стала зразумела, хто гаспадарыць у вясковым доме недзе на Шчучыншчыне. «Вось бы каго ў прэзыдэнткі! — захоплена сказаў хтосьці побач. — Ну чаму ў нас няма жанчын-кандыдатак?» Але ў нашай краіне ніколі ня будзе матрыярхату, таму ў ёй ніколі ня будзе рэвалюцыі. Сустракаеш цяжарную сяброўку, кладзеш ёй руку на жывот і пытаесься: «Каго чакаеш: дзяўчынку ці няўдачніка?»

Але ў гэтай творчай недаробленасьці, у гэтай нацыяўтваральнай занядбанасьці формы й зьместу тоіцца нейкая сарамяжлівая сэксуальнасьць. Яна выклікае найперш той кшталт лібіда, які можна апісаць беларускім дыялектным «шкадаваці». І мой дзядуля Ігнат, які ў паваенныя гады ішоў суткі з вахты на Палескай чыгунцы 30 км па ежу дадому, дзе падаў, зьнясілены, на рукі бабулі Марыі, і мой дзядуля Антон, якога ў паваенныя гады на Пастаўшчыне накіравалі падымаць калгас, а ён загуляў з аграномкай, вылецеў за гэта з партыі й сеў, прысаромлены, на шыю бабулі Зоі, апісвалі ў старасьці свае стасункі з жонкамі адной і той жа фразаю: «Яна мяне ўсё жыцьцё шкадавала». Фрэйдысцкая лёгіка беларусак усіх пакаленьняў магла б быць прапісаная на тутэйшых валянцінках наступным чынам: «Мне цябе шкада, таму я цябе кахаю». Вось і сёньня ты сустрэнеш вечарам з працы яго, мэнэджэра сахі й касы, ускалмаціш яму на галаве пядзі дзьве валасоў, пацалуеш у каўтун і скажаш чыста па-наску, па-беларуску: «Превед, ніудачнег!».

/ 25 сакавіка 2006

 

II

ФЭМІНEASTКІ

«Ці лічыш ты сябе фэміністкай?» — пыталіся яны. Ці не, яшчэ круцей, яны казалі: «Як фэміністка, ты, відаць, лічыш…» Іх пытаньне было для мяне абсалютна нечаканым, але яшчэ больш мяне абурала іх упэўненасьць у тым, што я штосьці там лічу. «Не, я не лічу сябе фэміністкай, — адказвала я ім. — З чаго вы ўзялі, што я лічу, як фэміністка?» «Чаму яны лічаць, што я фэміністка?» — пыталася я ў сябе самой, павязваючы хустку пры ўваходзе ў царкву (Kirche), не зазіраючы ў кніжачку з рахункам у рэстарацыі (Küchen). На маёй вопратцы няма значка актывісткі арганізацыі, што змагаецца за правы жанчынаў; я не пераканала ніводнай кабеты ў сьвеце не рабіць аборту ці, наадварот, пазбавіцца ад плоду (Kinder). Дык у чым рэч?

Владимир Цеслер / «Розовый стул» // источник: www.tsesler.com ©

Відаць, у тым, што нельга быць крышачку цяжарнаю. Сярод беларускіх дзяўчатак і жанчынаў мала сапраўдных фэміністак. Але ўсе мы, кожная па-свойму, — фэмінEASTкі.

Мая бабуля Зоя — фэмінEASTка. Калі ў 1956 годзе дзядулю выключылі з камуністычнай партыі «за халатнасьць», яна ўступіла туды сама. Вечарова скончыла тыя клясы, што прапусьціла ў вайну, і завочна вывучылася ў Магілёве на пэдагога. Загадвала дзіцячым садком і старшавала сельскім саветам.

У Паўночнай Карэі напоўніцу ідзе гандаль кантрабанднымі кітайскімі ДВДшнікамі, падпольныя краўцы шыюць джынсы па імпартных лекалах — гэта называецца «народны капіталізм». Характар міжполавых стасункаў у беларускім грамадзтве можна назваць «народным фэмінізмам»: насуперак кансэрватыўнай мадэлі «муж — усяму галава», жанчыне ў крытычныя моманты даводзіцца браць на сябе абавязкі мужчыны альбо гібець разам зь ім.

Мая бабуля Марыя — фэмінEASTка. Яна заўжды сікала стоячы. Зь дзяцінства й да самай сьмерці яна не насіла пад спадніцай ніжняй бялізны. Стоячы поруч зь ёй на вуліцы, можна было пабачыць, як з-паміж расстаўленых ног у яе б’е аб зямлю рэзкі вэртыкальны струмень урыны. Расьцякаецца па гарачым палескім пяску, які ўбірае яго.

У Нямеччыне вынайшлі гендэрна карэктны кардонны кулёк, з дапамогай якога жанчына можа карыстацца пісуарам. «Гэта лёгка, раней кожная баба так умела, — казала бабуля. — Я й цябе навучу. Навошта прысядаць? І да плоту, як мужыкам, адварочвацца ня трэба».

Нарцыс (лац. Narcissus) — травяністая аднадольная расьліна зь сямейства амарылісавых. Мае тугую цыбуліну й стужкападобныя рознай шырыні лісты. Кветкі сядзяць на верхавінках бязьліставых сьцёблаў, пакрытых плёўкаю, па адным ці па некалькі. Калякветнік пялёсткападобны, у форме трубчатай варонкі, якая робіцца наверсе гарызантальна распраўленай ці адагнутай, складаецца з шасьці роўных частак. У жэрале каронка ў выглядзе званочка. Тычынкі, якіх шэсьць, прымацаваныя ў два шэрагі да вяршыні варонкі. Слупок ніткападобны, рыльца тупое. Назва кветкі паходзіць ад імя самазакаханага юнака з старагрэцкай міталёгіі. На мове кветак нарцыс — увага, пакора: «Ты — адзіная».

Мая хросная, цётка Марыя — фэмінEASTка. Бацька моцна лупцаваў яе аднойчы ў жыцьці: у пятнаццаць яна адрэзала касу, зрабіўшы модную ў той час фрызуру «гаўрош». Кароткія валасы заўсёды пасавалі маёй хроснай болей.

Жаночыя залі цырульняў — прагрэсіўныя асяродкі фэмінEASTычнай думкі. Раз і назаўсёды адваяванае ў традыцыі права мяняць свае валасы, як табе пасуе й як падабаецца.

Мая хрэсьніца Аленка — фэмінEASTка. Калі маці надзявае на яе цёмныя штанішкі, жоўтую куртачку, аранжавую шапачку й вядзе на вуліцу, усе навокал захапляюцца: «Які ў вас прыгожы хлопчык!» У свае амаль два годзікі яна выцягнутая, як паўтара Косьцікі таго ж узросту. Калі яна вырасьце, усё лёгка можа скончыцца подыюмам, хаця я падазраю, гэта будзе баскетбол.

Маскоўская крама лялек Барбі паціху банкрутуе. Добра прадаюцца толькі Барбі-прынцэсы. Няма попыту на Барбі-мэдсястру, Барбі-настаўніцу, Барбі-прэзыдэнтку, і ніхто ня хоча купляць Барбі-інваліда.

Владимир Цеслер / Love // источник: www.tsesler.com ©

Туліпан (лац. Túlipa) — травяністая шматгадовая расьліна зь сямейства лілейных. Назва кветкі паходзіць ад пэрсыдзкага «toliban» (турбан), бо яе бутоны падобныя да ўсходняга галаўнога ўбору. Лісьце падоўжана-лянцэтнае, зялёнае альбо шызаватае, з гладкімі альбо валакністымі краямі й лёгкім васкавым налётам. Кветка правільная абоеполая, з шасьці свабодных пялёсткаў, тычынак шэсьць, з падоўжанымі пыльнікамі, песьцік зь верхняй трохгнёздавай завязьзю, кароткім слупком і трохлопасным рыльцам. Вышыня кветкі вагаецца ў залежнасьці ад віду й гатунку ад 10−20 да 65−85 сантымэтраў. Размнажаецца цыбулінамі. Жоўты туліпан на мове кветак — «Твая ўсьмешка — як сонца». Чырвоны туліпан — «Я кахаю цябе»; «Вер мне».

Мая сяброўка Юля — фэмінEASTка. Каб знайсьці працу, яна змаўчала ў рэзюмэ, што мае дзіця, і цяпер яна — адзіная жанчына-праграміст у сваёй фірме. «Калі хтосьці прыходзіць альбо сыходзіць, ён рукаецца з усім офісам, — кажа яна. — Часам яны, забываючыся, працягвалі руку і мне, але тут жа спалохана адцягвалі яе назад. Калі я намякнула, што ня супраць, каб і са мной здароўкаліся такім чынам, меркаваньні падзяліліся. Цяпер палова працягвае мне руку, а палова — не. Мяне гэта ня крыўдзіць, але весяліць. Не зьдзіўляе, але прыцягвае маю ўвагу».

У некаторых афрыканскіх плямёнах жанчынам робяць абразаньне клітару. Часам здаецца, гэтую экзэкуцыю іх супляменьнікі ўсчыняюць толькі таму, што фэміністкам гэтак зручней тлумачыць, як традыцыі й нормы аднаго грамадзтва могуць здавацца недапушчальным дзікунствам у іншым. Беларускім мужчынам варта прызвычаіцца рукацца з жанчынамі хаця б для таго, каб жанчынам Афрыкі перасталі абразаць клітары.

Школьніца Каця — фэмінEASTка. Яна новая гёрл-фрэнд школьніка ў сіняй кашулі, які сядзіць зьлева ад мяне ў «Максібісе».

— Як табе ўвогуле ўдалося падчапіць ТАКУЮ? — цікавіцца яго таварыш.

— Мы былі разам на дыскатэцы ў Палацы спорту. Яна павярнулася да мяне й сказала: «Што ты стаіш, як пень! Пазнаёмся са мною». Я ўвогуле не чакаў, што яна гэтак зробіць. Ну, і пазнаёміўся.

Навучаная горкім досьведам Тацяны Ларынай, фэмінEASTка ні за што ў жыцьці ня зробіць першы крок сама. Яна з максымальным эфэктам будзе таптацца на адным месцы.

Мімоза (лац. Mimosa) — род кветкавых расьлінаў, які належыць да мімозавых. Самы вядомы від — мімоза сарамлівая (Mimosa pudica L.). Травяністая расьліна вышынёй у 30−60 сантымэтраў; колькасьць частак у кветцы — чатыры, радзей — тры й шэсьць. Тычынак гэтулькі ж ці ўдвая болей, суквецьці — у выглядзе галовак ці гронак. Двупёрыстыя лісты яе асабліва чульлівыя, апускаюцца й складваюцца ў цемры ад лёгкага дотыку ці іншага раздражняльніка. Расьце ў Бразыліі. Часта разводзіцца ў нашых шыротах у цяпліцах дзеля прыгажосьці й фізыялягічных вопытаў. На мове кветак мімоза — сарамлівасьць: «Я хаваю свае пачуцьці».

Я вельмі не хацела дапісваць другую частку да таго, што гэтак лёгка напісалася калісьці. І цяпер не хачу. Але яны прымусілі мяне. Відаць, баяліся, што апошнім словам гэтага тэксту будзе «ніудачнег».

 

/ 8 сакавіка 2008

/ источник: альманах сучаснае беларускае культуры «pARTisan», №7 ©

 

_______
Читать по теме:
_______