Ці могуць караняплоды зрабіцца нацыянальным брэндам, нашай адметнасцю — і хто мусіць «прасоўваць» такі брэнд? Пра гэта размова з дызайнерам, паэтам, культурным дзеячам і мастаком Міхалам Анемпадыставым, які ў кастрычніку прадставіў у Мінску сваю выставу «Under Ground».

Міхал Анемпадыстаў / Фота: Jef Bonifacino

Магчыма, вы ведаеце, чаму беларусы маюць мянушку, звязаную з караняплодам.

У розныя часы нас абзывалі бацвіняжамі, бурачкамі і бульбашамі, прычым змены назову кожнага разу былі абумоўленыя глабальнымі гістарычнымі працэсамі, а ў выпадку з бульбашамі, то і цэлым шлейфам недарэчнасцяў. Усё гэта адначасова і ўражвае, і здзіўляе, і міжволі выклікае ўсмешку. Апошняе мне вельмі падабаецца.

Самаіронія — добрая рыса жыхароў тутэйшага краю. Яе хапала і ў беларусаў, і ў габрэяў, і сярод людзей простых, і ў шляхецкіх колах.

Ну, і я гэтую традыцыю ахвотна працягваю. Таму такая правакацыйная назва выставы —«Under Ground».

Беларусы сваім характарам падобныя на караняплоды — мы прыхаваныя, някідкія, мы партызаны. Але паглядзіце, колькі энергіі ў нас. Бурак – найбольш сімвалічны. Варта яго разрэзаць – і мы бачым усярэдзіне насычаны цёмна-чырвоны колер, плоць, энергію, жыццё.

Праз стагоддзі войнаў і паўстанняў, мы выжылі шмат у чым дзякуючы караняплодам і «бульбам», бо іх прасцей было схаваць. Дык мы яшчэ і ментальна да іх падобныя: заглыбленыя ў сябе інтраверты. Любім, дзе глыбей. А нутро — сярэдзіну — наадварот, хаваем. У той жа час мы розныя. Мы і аморфныя бульбіны (ну, ёсць у нас таксама недахопы), і задзірлівыя шляхціцы бурачкі, і грунтоўныя рэпкі сярод нас ёсць таксама, і рэдзька з хрэнам.

Выстава Міхала Анемпадыстава

Ці можна назваць вашыя працы новым пошукам нечага нацыянальнага, агульнага?

Калі я пачаў іх здымаць, ніякага нацыянальнага падтэксту ў галаве не было. Гэты праект пачынаўся з візуальнага складніка. Мяне зацікавіла форма гэтых аб’ектаў.

Форма не ў прасторы… а ў кошыках, скрынках, на прылаўках на базары. Кожны з нас сутыкаўся з імі шмат разоў.

Безумоўна, у мяне ёсць асабісты вопыт — я знаходжуся ў беларускім культурным полі. І кожны дзень, як і ў любога чалавека, у мяне ўзнікаюць некія культурныя лінкі-асацыяцыі. Вобразы пачалі выстройвацца ў шэраг. Пачалі ўзнікаць думкі, што гэта частка нашай гісторыі, культуры. Гэтыя расліны па 100 ці па 200 гадоў растуць на нашых землях. Аказалася, што яшчэ болей. Хрэн, напрыклад, славяне спажывалі як спецыю ўжо ў ІХ стагоддзі. А рэпа — культура, якая не змянілася з часоў неаліту.

Пакрысе ўражанні, вобразы, а таксама веды выліліся ў невялікае трансдысцыплінарнае даследаванне. Гэта, безумоўна, не навуковая праца, а мастацкі праект. Тое, што ад нядаўна называцца «антрапалагічным дызайнам». У гэтай, канцэптуальнай частцы тэмы мяне найболей цікавяць культурніцкія лінкі: як гісторыя штодзённасці прарастае з гісторыі вялікай, як культура аграрная ўплывае на культуру побытавую і высокую.

Выстава Міхала Анемпадыстава

Як разгледзець глыбіню ў паўсядзённасці?

Свет мінае праз нас. Мы не звяртаем увагу на важныя рэчы. Я звяртаю. Мне заўсёды падабалася форма рэдзькі ці бурачка. Мяне цікавіў і захапляў візуальны вобраз. Гарманічныя зааморфныя формы, стрыманая каларыстыка, мікраэстэтыка фактураў паверхні. Мяне натхняла пэўная таямнічасць гэтых звычайных прадуктаў, калі яны высвечваюцца няяркім святлом у цемры каморы ці склепа, налёт пэўнай архаічнасці, альбо іншае: іхні прамежкавы стан паміж жывой і мёртвай прыродай. І потым, іхняе жыццё пад зямлёй, у кірунку ад сонца, углыбкі — гэта суцэльная метафізіка, прычым нашая, беларуская.

Хачу выказаць думку, што менавіта так званае нізкае, а іншымі словамі, звычайнае і паўсядзённае, выдатна надаецца ў якасці нацыянальных маркераў. Мы пачынаем асэнсавана любіць «сваё», а значыцца пазбаўляцца комплексу непаўнавартасці, які нам так замінае.

Я думаю, што мы маем безліч «нацыянальных маркераў», якія, як кажуць, «пад нагамі» — тое, што навідавоку, але не асэнсаванае.

За 200 год шмат нацыянальнага было альбо знішчана, альбо перакручана… А вось такія рэчы як караняплоды, што былі з намі ўвесь час, — гэта і ёсць нашыя маркеры. Яны вартыя пашаны. Стварэнне любога нацыянальнага маркера ці брэнда патрабуе візуалізацыі. Візуальнае ўспрымаецца значна лепей, бо гэта невербальная інфармацыя. Таксама смак, пах запамінаюцца і дзейнічаюць вельмі эфектыўна. Безумоўна, яны патрабуюць і вербальнай часткі — тлумачэння, падачы, гісторыі.

Вось караняплоды — гэта нацыянальны маркер. Бо яны ёсць у кожным доме, кожны з нас іх спажывае і ніхто не можа сказаць, што «гэта не наша». Зазірніце ў сваю скрыню, кошык.

Трэба ўсвядоміць, што яны з намі вельмі даўно. Трэба ўсвядоміць, што яны звязаныя з нашай гісторыяй і культурай, тады гэта пачынае «працаваць» як нацыянальны маркер.

 

Ці можна штучна стварыць такі «нацыянальны маркер»?

Нельга. Фактычна, гэта праява калектыўнай свядомасці, устойлівых каштоўнасцяў, праз асобу творцы. Безумоўна, творца можа заставацца творцам і не ствараючы ніякіх маркераў, а мастацтва ўвогуле нікому нічога не павіннае, на тое яно і мастацтва…

Што тычыцца стварэння брэнду, то гэта заўсёды свядомы акт, які на мэце ставіць папулярызацыю і прасоўванне прадукту. «Прадуктам» у гэтым выпадку можа быць усё, ад рамана да запаведніка, ад гатунку яблык да ўсёй краіны цалкам.

Выстава Міхала Анемпадыстава

Якія якасці павінен мець нацыянальны брэнд?

Каб нацыянальны маркер зрабіўся брэндам — яго трэба «ўпакаваць». Для брэнда патрэбныя назва, кароткая прыгожая гісторыя, якую лёгка пераказаць, лагатып альбо графічны вобраз і крыху таленту. Безумоўна, усё павінна быць зроблена прафесійна.

Гісторыя без візуалізацыі застаецца проста легендай.

Наступны крок — знайсці вобраз, смак. І тады гэта гісторыя робіцца трансдысцыплінарнай. Не чыста гістарычная, не чыста культуразнаўчая і не этнічная, а на сумежжы.

Брэнд, ці «нацыянальны маркер», павінен быць знітаваны з астатняй культурай. Чым болей гэтых лінкаў — тым прасцей іх прымаць. Караняплоды — класічны прыклад такога лінку. Невербальны, візуальны сімвал, які яшчэ мае і смак. Мы ўсе ведаем і памятаем гэты смак.

 

Ці могуць мастацкія вобразы злучыць нацыю, дапамагчы ў пошуках нацыянальнай ідэі?

На маю думку, найбольш эфектыўна дзейнічаюць рэчы, з якімі мы сутыкаемся штодня. Нацыянальная свядомасць проста не магчымая без такіх маркераў. І калі мы робім гісторыю больш зразумелай, прывабнай, яна засвойвацца прасцей. Павінны быць і рамантычныя вобразы, якія былі модныя ў ХІХ стагоддзі. Але цяпер ХХІ стагоддзе.

Новы час патрабуе канкрэтных рэчаў. Ён патрабуе самаідэнтыфікацыі ў кулінарыі, у пахах, у мове. Мову ўвогуле можна разглядаць як жывы арганізм, як вірус.

 

Як вы мяркуеце, што за эмоцыі выклікаюць у гледачоў вашыя творы?

Адкуль я ведаю?.. Якія эмоцыі да гэтых вобразаў? Вы ж бачыце, што яны цёплыя, яны выступаюць з цемры, яны казачныя. Таямнічыя. Яны старажытныя. Гэта ўсё закладзена ў візуальную мову.

Для мяне важна, што яны жывыя, што ім па чатыры ці па дзве тысячы гадоў.

Іх кладуць у зямлю, яны прарастаюць, і праз год мы маем нашчадкаў гэтага прадукту. Фактычна, гэта няспынны працэс. І кожная рэдзька — кавалак гэтага няспыннага працэсу і нашчадак. Таксама як і мы нашчадкі нашых продкаў.

 

/ источник: n-europe.eu

_______
Читать по теме:
_______