Дзесяткі мастакоў зь Беларусі жывуць па-за межамі нашай краіны. Многія зь іх дасягнулі немалога посьпеху ў замежжы, але адзінкавыя прафэсіяналы знаёмыя зь іх імёнамі на радзіме. Некаторыя з гэтых творцаў не жадаюць, каб іх называлі «беларускімі мастакамі», а нехта трымае бела-чырвона-белыя сьцяжкі на працоўных сталах. Мастацтвазнаўца Ягор Сурскі выбраў восем гісторый мастакоў-эмігрантаў, склаўшы зь іх дакумэнтальнае кіно «Арт-рэпатрыяцыя». Прэм’ера фільму прайшла ў Менску 30 лістапада.

 

Максім Вакульчык / кадр з фільму Ягора Сурскага «Арт-рэпатрыяцыя» / 2011

«Канкрэтна да Беларусі я сябе не адношу. Я зьехаў у 1991 годзе з СССР», — кажа Максім Вакульчык, які цяпер жыве і працуе ў нямецкім Дзюсельдорфе. — І я не хачу, каб мяне называлі «беларускім мастаком». Лепей — «мастак зь Беларусі».

Ігар Кашкурэвіч / кадр з фільму Ягора Сурскага «Арт-рэпатрыяцыя» / 2011

Словы зьехаўшых мастакоў суправаджаюць у фільме кадры зь іх прасторнымі і заможнымі па беларускіх мерках студыямі і кватэрамі. Прасторныя і поўныя сонечнага сьвятла, яны вельмі яскрава сьведчаць аб тым, што выйгралі гэтыя людзі, калі дзесяць ці дваццаць гадоў таму зьехалі зь Беларусі. І гэта на фоне неверагоднага, як падаецца зь невялікай залі Інстытуту Гётэ ў Менску, дзе адбываецца прэм’ерны паказ фільму, свавольства рознакаляровых нефармалаў на нямецкіх вуліцах: шэсьце ўсіх магчымых меншасьцяў па вуліцах Бэрліну суправаджаецца кадрамі вясёлага беларускага мастака Ігара Кашкурэвіча, які, троху запінаючыся, па-беларуску чытае з паперкі тэкст, а пасьля ходзіць па мэтро з камянём на плячы.

Алесь Родзін / кадр з фільму Ягора Сурскага «Арт-рэпатрыяцыя» / 2011

Надпіс над уваходам у культурны цэнтр «Тахелес» у Берліне / кадр з фільму Ягора Сурскага «Арт-рэпатрыяцыя» / 2011

 

Такіх гісторый у фільме менскага куратара Ягора Сурскага восем. Восем мастакоў, восем жыцьцяў у 55-хвіліннай стужцы, зьнятай у Нямеччыне ў межах праекту «Арт-рэпатрыяцыя: беларускія нямецкія мастакі». Праект робяць тры чалавекі. Для самога Ягора гэта дэбют у кіно. Але дэбют вельмі трапны — тэма эміграцыі ў краіне як ніколі актуальная.

«Нямеччына — адна з такіх краін, дзе жыве, даволі кампактна, шмат беларускіх мастакоў, — кажа Ягор Сурскі. — Шэраг зь іх атрымаў адукацыю ўжо ў Нямеччыне. Яны даволі актыўныя і ў беларускім мастацкім полі таксама».

Галоўная тэма фільму — міграцыя і верагоднасьць вяртаньня гэтых людзей на радзіму. Па словах Ягора, пытаньне аб тым, ці жадаюць мастакі вяртацца на радзіму, узьнікала само сабой. «Наша камунікацыя была даволі свабоднай», — кажа ён. — «Іншая справа, ці ёсьць у нас магчымасьці для іх вяртаньня: сучасныя цэнтры, музэі — што могуць рэалізаваць выставу, выкарыстоўваючы мэдыятэхнікі, у якіх гэтыя людзі працуюць».

Ганна Сакалова / кадр з фільму Ягора Сурскага «Арт-рэпатрыяцыя» / 2011

«Істотна, як ты малюеш, а не якой ты нацыянальнасьці», — кажа мастачка Ганна Сакалова. Яна цяпер таксама жыве ў Дзюсэльдорфе.

«Мне сьняцца сны, што я зьявіўся ў Менску і пайшоў на завод працаваць, — кажа Алег Юшко. Я прачынаюся ў страху. Ня ведаю, што рабіў бы ў гэтым месцы. Бо раней я працаваў на заводзе ў Менску, і там у мяне пачалося раздваеньне асобы».

Па словах Ягора, яго парадавала, што «нейкія азы гэтыя людзі атрымалі тут»: нечаму іх навучыла і беларуская зямля, ці нават беларуская адукацыя. Хаця адчуваньні ад яе хутчэй адмоўныя:

«Беларуская і эўрапейская адукацыя вельмі моцна адрозьніваюцца, — кажа скульптар Жанна Грак. — У Беларускай Акадэміі мастацтваў не хапае свабоды. Кожны мой праект там быў гульнёй з агнём: альбо цябе выкінуць за нестандартнае мысьленьне, альбо ўсё ж пакінуць».

У Нямеччыне, па яе словах, усё інакш: «тут ідэя ў тым, каб студэнты вучылі адно аднаго. Усе сядаюць за вялікі стол і на пачатку занятку паказваюць свае працы, кажуць, што думаюць і слухаюць меркаваньні іншых».

Што да беларускага мастацтва, то самае мяккае, што могуць сказаць пра яго зьехаўшыя мастакі — «я яго не разумею». Па словах Андрэя Дурэйкі, беларускага мастацтва стала болей, чым раней. «Гэтым варта ганарыцца, нягледзячы на адсутнасьць фундамэнтальнай падтрымкі з боку дзяржавы».

«Мы ўвогуле не размаўляем на сваёй мове, — пераходзіць мастак з расейскай па беларускую. — І беларуская палітыка ў мастацтве дагэтуль посткаляніяльная: мы прыходзім у нацыянальны музэй, і ён пачынаецца з партрэтаў імпэратарскай сям’і».

Зрэшты, як адзначае Ягор Сурскі, «для таго, каб Шагал вярнуўся ў Беларусь, спатрэбілася 80 гадоў. А цяперашнія мастакі-эмігранты робяць выставы і праз 11 гадоў пасьля ад’езду. Сучасныя тэхналёгіі руйнуюць межы».

«Гэта ня так лёгка — адчуваць сябе беларусам і быць беларусам. Варта падумаць пра іх жыцьцёвыя абставіны. Калі гэтыя людзі кажуць пра сваю ідэнтычнасьць, то нацыянальна яны яе не акрэсьліваюць. У тым жа Бэрліне мы можам сустрэць на маленькім кавалачку шмат праяваў мультыкультуралізму. І гэтыя мастакі ідэнтыфікуюць сябе самі па-сучаснаму, гэта зьява постмадэрнізму».

Да фільму яшчэ дададуць музычныя трэкі і субцітры, і ён мае магчымасьць трапіць у абмежаваны пракат. «Хаця заля Інстытуту Гётэ — максымальная па памерах, якую можна знайсьці ў Менску для паказу такога фільму», — дадае куратар.

Глеб Шутаў / кадр з фільму Ягора Сурскага «Арт-рэпатрыяцыя» / 2011

 

// Каментар Ягора Сурскага да артукула:

Артыкул на фільм «Арт-рэпатрыяцыя: беларускія нямецкія мастакі» у «Штодзённіку пакалення Y» — адзін з першых водгукаў, які з’явіўся пасля прэм’ернага прагляду. Сапраўды, меркаванні мастакоў, якія ўзялі ўдзел у праекце, даволі крытычныя да стану мастацкай адукацыі ў Беларусі, сітуацыі з сучасным мастацтвам. Але сказаць, што «мастакі-эмігранты не бачаць сябе ў Беларусі» — нельга. Наадварот, яны не адрынаюць Беларусь як магчымае месца правядзення выставак, ды ўвогуле — як творчую пляцоўку. Многія з іх, як Алесь Родзін ці Андрэй Дурэйка, даволі актыўна ўдзельнічаюць у мастацкім жыцці Беларусі. Праект Алеся Родзіна «Дах» неаднаразова ажыццяўляўся ў Мінску. Андрэй Дурэйка выступае з цікавымі лекцыямі аб беларускім сучасным  мастацтве. Выказванні некаторых мастакоў хутчэй выяўляюць жаданне таго, каб Беларусь была ў сэнсе сучаснага мастацтва на больш высокім узроўні, адпавядала еўрапескім тэндэнцыям развіцця. Можна нават сказаць больш — многія з іх адчайна імкнуцца зменшыць гэтае адставанне.

У фільме прадстаўлены абсалютна розныя мастакі, з уласным творчым крэда ці своеасаблівай мастацкай стратэгіяй. Як аўтару праекта, мне падаецца, што яны цікавыя з пункту гледжання таго вопыту, які атрымалі, працуючы і жывучы ў еўрапейскім кантэксце. Многія з іх уключаныя ў сучасныя сусветныя працэсы ў мастацтве, таму іх вопыт варта інтэграваць у беларускае мастацкае жыццё.

 

/ источник: www.generation.by

_______
Читать по теме:
_______