В рамках новой рубрики «Текст художника» ART AKTIVIST публикует иллюстрированное эссе молодого художника и писателя Алексея Толстова

Заўжды лічыў сябе даволі спакойным, але тут нечакана сустрэў аднаго знаёмага, сына чалавека з Саюзу. Ну і ён мне гэтак, ведаеце, давяральным тонам: «Калі раптам ёсьць жаданьне ўступіць, то можам арганізаваць. Выдаткі мінімальныя. Толькі тшш… Анікому». Ну, карацей, там я і лёг.


Ок. На Казлова тры гандлююць мёдам і рэлігіяй. Венецыянскую, кажуць, прасралі (сам ня бачыў, але шмат хто гэта мне сьцьвярджаў). Сябра каментуе адкрыцьцё новага цэнтру мастацтва, таго, што на Някрасава: «Чорт! Трэба пайсьці там паашывацца, на гэтых майстэрнях, можа якая шабашка абломіцца, адліваць там, ці нешта накшталт. Жэрці, халера, зусім няма чаго». Што яшчэ? Акадэмія? Рэктар, здаецца, запэўніваў у тым, што яны цьвёрда стаяць на прынцыпах свайго клясычнага акадэмізму(?). Напэўна гэта крута, і яшчэ вельмі нагадвае тэхнічную ВНУ. Тэхніка на ўзроўні. На «маладзёжнай» выставе ня так даўно вельмі хацелася любіць гэтую тэхніку, але нічога не атрымалася. Доўга стаяў перад алеем з шэрагу «сьвітанак у роднай вёсцы», адно так і не ўзбудзіўся. Відаць, варта запісацца да доктара.

Пасьля неяк сядзім з рабятамі, ну і яны ўсё гэта паўтараюць. Наліваюць і паўтараюць. Маўляў, няма плошчаў, няма шанцаў, нас тут ня любяць. Сучаснае мастацтва не разьвіваецца, крытыка не разьвіваецца, культура не развіваецца, арт-бізнэс не разьвіваецца, усё кепска, неўзабаве ўсім нам кабзьдзец, калі ня звалім. «Слухай, ну гэта тыпова, — кажа сяброўка, — гэтыя мастакі адно што робяць, дык плачуцца ў неба і ў камізэлькі адно аднаму, гэта ж такі стайл». Ну, так. А яшчэ такая тэма папулярная: маўляў, родная дзяржава нічога ня робіць, каб ўзьняць усіх нас на ўзровень. Міністэрства культуры — чорт ведае, чым яны там увогуле займаюцца, ніякай падтрымкі. Відаць, сядзяць цэлымі днямі і саламяным лялькам фартухі народнымі арнаментамі вышываюць. Зусім забіла яно на нас, такіх таленавітых і адораных.

Божа! Гэта вельмі хвалюе! Тут ёсьць нейкая цнатлівая прыгажосьць, нібыта накрэмзаная неспрактыкаванай рукой наіўнага продка на сьценах арыньякскіх пячораў.

Я люблю мастакоў. Яны амаль усе з шызою, зь нейкімі прыбабахамі і комплексамі. Безумоўна, гэта вельмі цікава. Разам з тым часта безадказнасьць і разьдзяўбайства лёгка ўжываюцца з падвышанай самаацэнкай, зь нейкім патасам прафесіі, які зь невядомай прычыны робіць артыстаў у масавай сьвядомасьці пэўным выключэньнем, надае ім лёгкага адценьня гераізму. З чаго вынікае гэтае геройства? Чаму яно ўспрымаецца як бясспрэчная рыса, уласьцівая прадстаўнікам арт-супольнасьці, «творчым асобам», рэжысэрам, літаратарам, музыкам і іншым? На чым грунтуецца такі патас, і ці сапраўды ён бясспрэчны?

Творчасьць, натхненьне, прыгажосьць, уся фігня — колькі розных словаў закліканыя стварыць рамантычны арэал вакол арт-адмыслоўцы! Ок, мне бы хацелася быць шчырым. Перадусім не халеры я ня веру ў беспадстаўнае геройства. Мусяць быць прычыны. Мы ўсе тут інтэрпрэтатары. Мы бярэм інфармацыю, інтэрпрэтуем яе і транслюем далей. У рэшце рэшт, мы самі ёсьць гэтай інфармацыяй — біялагічнай, псыхалагічнай, якой заўгодна. Мы бярэм вобраз, апрацоўваем яго пры дапамозе мовы нашых сродкаў і выдаем прадукт. Гэта такая ж самая вытворчасьць, як і на прадпрыемстве. Ёсьць матэрыялы, ёсьць сродкі, тэхналёгіі і вынік працы. У чым тут гераізм? Найяскравейшым прыкладам таму ёсьць галерэя на другім паверсе ГУМа, да якой большасьць маіх калегаў ставіцца адпаведным чынам: вароцяць нос, плююцца і лаюць драных шырспажыўшчыкаў ганебным словам «рамесьнік». Разам з тым: няўжо нехта возьмецца аспрэчваць папулярнасьць гэтых коцікаў і бярозак? І калі казаць пра бізнэс, ці можа хто пахваліцца такімі прыбыткамі? Натуральна, гарадскі ўнівэрсальны магазін, хочам мы таго ці не, зьяўляецца асноўным арт-дылерам у гэтай краіне. Пытаньне ў якасьці? Пытаньне ў густах? Якія яшчэ пытаньні? Добра, рызукуючы пакрыўдзіць аўтараў тых шадэўраў, выкажу здагадку. Таварышы, дакладна ня ведаю, але што, калі там працуе канвеер? Чорт! Трэба быць апошнім імбіцылам, каб гэтага ня бачыць.

Нам гэта не падабаецца. Мы любім рамантыку. Мы наракаем на дзяржаву, што наступіла нам на горла і не дае вольна ўздыхнуць, якая, нібыта, абражае нас, выжывае з гэтай краіны, якая заціскае пяшчотную псыхіку маладых пакаленьняў паміж ідэалёгіяй і клясычным акадэмізмам і не пакідае аніякай надзеі на перамены ў культурнай парадыгме. Ад гэтага ў нас баляць сэрцы, сівеюць валасы, разбураецца пячонка. Яшчэ крыху і мы ўкленчым на каленях перад домам ураду: «Калі ласка! Не катуйце нас! Дайце нам шанец! Мы самі ўсё зробім, адно не замінайце! Мы будзем праводзіць дыскусіі і майстэркласы, будзем ладзіць фэстывалі, распрацоўваць мастацкае поле, разьвіваць, адукоўваць, весяліцца і радавацца!».

Што нас матывуе? Чаго мы хочам? Вісець у ГУМе?

Я хачу зламаць гэта.

Творчасьць — найвышэйшая праява індывідуальнасьці, тое, чым займаюцца ў незалежнасьці ад ступені аддачы. Гэта імкненьне самарэалізавацца, якое закладзенае ў аснове чалавечай псыхікі. Творчасьць не кіруецца эканамічных інтарэсаў, яна ня ёсьць працай, сродкам да забясьпечаньня асабістай жыцьцядзейнасьці. Гэта працэс спазнаньня і пераасмысьленьня, актыўнага кантакту з рэальнасьцю. Усё, што мы робім, мы робім з пазытыўным імпульсам. Мы ўкладаем сэнс у свае ўчынкі, мы выяўляем сябе індывідамі, самабытнымі і непаўторнымі. Гэта арганічны працэс, празь які ідзе сьцьвярджэньне асобы. Добра, калі за гэта хто-небудзь цябе падкорміць, кепска, калі не. Мастацтва — даволі рызыкоўная справа. Лёгка падсесьці, цяжка саскочыць, ёсьць рэальная магчымасьць застацца пад плотам. Можа, менавіта ў гэтым і ёсьць той натхнёны гераізм, які нястомна прадукуюць медыі. Творца вымушаны ўвесь час выкручвацца, цікавіць, захапляць. Гэта ягоная роля. Разам з тым ён увесь час знаходзіцца ў супрацьстаяньні з усярэдненым успрыманьнем, з грамадскай думкай, з традыцыяй. Нібыта гімнаст пад купалам цырку, ён балянсуе недзе на пярэднім краі культуры, выбіваючыся зь сілаў, цягне яе некуды наперад і ня можа аступіцца. Ня ведаю, чаго тут больш — трагічнага ці камедыі, — але мастаку гэтай памежнасьці не пазьбегнуць. На ім ляжыць адказнасьць фармаваньня культуры, стварэньня міфалогіі, духоўнага разьвіцьця людзей.

На справе гэта ўсё, канешне, выглядае звычайным гонівам. Такія натхнёныя прамовы не пракотваюць. «Найвышэйшая праява індывідуальнасьці», «самабытнымі і непаўторнымі», «балянсуе недзе на пярэднім краі культуры» — адборная лухта. Мы жывем у дзяржаве. Дзяржава грунтуецца на сацыяльным кантракце, грамадзяне надзяляюць уладу паўнамоцтвамі абмяжоўваць індывідуальную свабоду на карысьць агульных інтарэсаў. З большым ці меньшым посьпехам, але гэта неяк канае. Ніякай розьніцы: ці гэта сацыяльна арыентаваная дэмакратыя, ці забудаваная лягернымі баракамі дыктатура, асноўная функцыя дзяржавы застаецца нязьменнай — рэгляментаваць грамадскія зносіны і захоўваць парадак. Усё астатняе — мэтады. Тут мы, натуральна, выходзім на тое, што культура і адукацыя — асноўныя асьпекты гэтага кантролю. Калі дзяржаўная ўлада выступае рэгулятарам, то хіба патрэбныя ёй высокаадукаваныя інтэлектуалы? Ды, чорт, гэтым пачварам толькі нагоду дай праявіць сваю грамадскую пазыцыю і ўсё перайначыць! У іх жа ёсьць ідэалы і часам нават сумленьне! Не, рабяты, ніякіх шанцаў. Калі мы разумеем, што школа і іншыя навучальныя ўстановы вучаць нас правілам паводзінаў, але зусім не крытычнаму мысьленьню, калі вобразы маскультуры служаць нам узорам для перайманьня, эталонам актуальнага чалавека, пра якую індывідальную пазыцыю мы можам казаць? Якім чынам можна пракантраляваць некалькі мільёнаў непадобных адзін да аднаго людзей? Як яны змогуць паразумецца паміж сабой і не ўладкаваць крывавай разьні? Гэта ня лёгкая справа.

Таму мы зьбіваемся ў статкі і пакідаем асабістую свабоду, добраахвотна абмяжоўваем сябе ў імя калектыўнага дабра, мы набываем адносную бясьпеку, абарону сваіх інтарэсаў, аддаючы ўзамен права заставацца індывідуальнасьцю. Мы абменьваем сваю чалавечую сутнасьць на стабільнасьць і бяздумна прымаем рабскія каштоўнасьці за сацыяльныя дасягненьні. Дзяржава ня можа спрыяць разьвіцьцю асобы — у яе цалкам супрацьлеглыя мэты. Але асоба можа фармаваць сацыяльнае поле, бо менавіта чалавек ёсьць тым, на чым трымаецца ўся гэтая структура.

У незалежнасьці ад кантэксту, мастацкі акт — гэта бунт, гэта трансфармацыя стэрэатыпу, гэта адвечны працэс пошукаў новых сэнсаў, іх стварэньня і руйнаваньня. Мастацтва — гэта гімн чалавеку, гэта цьмяны сілуэт свабоды на даляглядзе, да якога мы, магчыма, ніколі ня зможам дацягнуцца. Мастацтва — гэта рэвалюцыя. Рэвалюцыя дзеля рэвалюцыі, адвечная вайна з традыцыяй, няўтольная прага выказацца. Ці можа дзяржава дапусьціць гэтага? Ці можа яна пагадзіцца са сваёй недасканаласьцю? Ці можа прызнаць усю злачыннасьць сваіх дзеяньняў адносна асобы і ейнага разьвіцьця? Ні ў якім разе! А творца? Ці мае ён права саступіць, пайсьці на кампраміс, і ці ня будзе гэта няшчырым, нягодным учынкам?

Ок, гэта супярэчнасьць. Мы ня можам вырашыць гэты канфлікт, але й ня ў стане інгараваць яго. Гэта падстава. З аднаго боку маем індывідуальнае, зь іншага — калектыўнае. Дзяржава ў любым выпадку заўжды будзе выступаць супраць творчасьці, у гэтым яе асноўная задача — нішчыць прыватную ініцыятыву, стрымліваць разьвіцьцё чалавека, трымаць яго пад кантролем. Мастак у сваю чаргу ня можа ня быць рэвалюцыянерам, бо інакш ніякага дачыненьня да творчасьці ён ня мае.

Дык што зь мінкультам у такім выпадку? Як думаеце, падарвецца ён нам дапамагаць, ці што? Неяк мне ня верыцца. Ну добра, ёсьць яшчэ такі папулярны варыянт: гэта ўсё, маўляў, толькі праявы лякальнага калярыту, гэта толькі тут, у нас, але вось там, у цывілізаваным сьвеце… Там прагрэс! Засуньце сваю правінцыйнасьць куды падалей! І ніколі не паказвайце дзецям. Там іншыя мэтады. Усё зусім не адназначна. Мастацкі акт у ліберальным грамадсте зрачоны на павагу і цікаўнасьць. Тут улада не ідзе на канфлікт, як падчас аўтарытарызму, тут усё збольшага дазволена, усё прымаецца. Нехта незаўважны кажа: «Так-так, гэта вельмі добра! Вы безумоўна маеце рацыю! Вы ўсё выдатна робіце, і мы цалкам на вашым баку». Там ніхто ня будзе пладзіць герояў і мучанікаў, бо калі ўлада нешта ўхваляе, то гэтым самым абясцэньвае гэта. Зразумелае і агульнапрынятае — ня мае такой каштоўнасьці, як нелегальнае і забароненае. Цягам усёй гісторыі капіталізм выкарыстоўвае гэтую маску згоды і ператварае пратэст у прадмет гандлю. Нават пратэст супраць самога капіталізму. Зрэшты, сёньня гэта ўжо даволі распаўсюджаная практыка. Сапраўды, сьвет глябалізуецца і мэтады набываюць сваю ўнівэрсальнасьць. Ці можна гэта ўспрымаць як саступкі? Ня ведаю, наўрад ці.

Да таго ж мы маем простую чалавечую натуру, якая так ці інакш вымушаная падтрымліваць сваё існаваньне. Дзе б чалавек не знаходзіўся, усё адно ён мусіць забясьпечваць сябе і сваю сям’ю, у яго ёсьць абавязкі, якія ён добраахвотна бярэ на сябе. Ёсьць звычайны фактар стомленасьці ў рэшце рэшт. Пакуль маладыя і энэргічныя эпатуюць і ладзяць правакацыі, старыя ветэраны зьбіраюць дывідэнты ўласнай маладосьці і прагнуць спакою. Яны не зацікаўленыя ў наватарстве — і колькі б яны не сьцьвярджалі супрацьлеглае, намагаючыся ўтрымацца на кані, ніхто ім не паверыць. Іх віна ў іхняй дасьведчанасьці і спрактыкаванасьці. За гэта іх і будуць судзіць, называць сьмярдзючымі старыканамі, за гэта ж самае яны атрымаюць дзяржузнагароды і тытулы «заслужаных». І здрадзяць.

Ну дык хто тут хоча адсмактаць дзяржгранта? Пойдзем папросім дазволу на наступны мазок пэнзлем? Пададзiм заяўку на тое, каб узяць новы акорд? Узгаднім свае думкі з афіцыйным курсам? Столькі муці ва ўсім гэтым!

Ніякіх шанцаў на збаўленьне — будзеце гарэць у пекле! Так, мае любыя студэнткі кулька, нафарбаваныя, апранутыя ў народныя строі! За вашыя танцы зь пьянымі мужычкамі на сьвятах гораду вас чакае расплата. І вы, высокагустоўныя пасьлядоўнікі крытычнага рэалізму, прагныя да посьпеху і сытай будучыні! Зьвер ужо шчэрыць пашчу ў прадчуваньні вашага грэшнага мяса. Чэрці востраць вілы і накаляюць патэльні да чырвані. Гэта тычыцца і вас, супрацоўнікі клюбаў, музэяў і чыноўнікі ад культуры, якім прасьцей сказаць «не», чым чакаць рэакцыі зьверху. Люцыфэр глядзідзіць на вас. У ягоным позірку роспач, на вуснах стомленая іранічная ўсьмешка. Зважайце! Вам ўжо не адкасіць.

Але гэта лірыка…

Да чаго я гэта ўсё? Ніхто нам не дапаможа, рабяты. Давядзецца ўсё рабіць самастойна і разьлічваць выключна на сябе. Усё, што ў стане прапанаваць нам дзяржава, — гэта кепскі прыклад і стымул да пераадоленьня. Мастак ня можа не сумнявацца ў слушнасьці сацыяльнага кантракту, ня можа не аспрэчваць яго. Ён ня мае права быць па-за, ня мае права адступіцца. Ягоная адзіная задача — сьцьвярджаць індывідуальнасьць, служыць прыкладам, даваць людзям надзею, прымушаць іх верыць у свае сілы. Нават калі ён ня хоча і як мантру паўтарае: «Я па-за гэтым. Я не такі». Нават не спрабуйце адмазацца. Ня трэба казаць, што гэта цяжка, ня трэба казаць, што ня варта нават і рыпацца, бо ўсіх павяжуць. Лухта! Ня верце гэтым нудзілам! Мы ўсё можам! Гэта наш арт! Гэта нашае жыцьцё і мы самі вырашаем, як яго жыць.

 

Хх

Літаральна ўчора меў канверсацыю зь сяброўкай і сказаў ёй, што пішу вось такі тэкст.

— Дык глядзі ж добра напішы.

— …ну, буду спрабаваць.

— Напішы, што гэтыя драныя вылюдкі з музею на Казлова — фашысты!

— Ммм… ок, але там не музей, там галерэя.

— Якая галерэя?! У іх гадамі нічога не зьмяняецца!

Не, ну скажыце, што гэта ня так? Яны трымаюцца гіерархіі, у нечым закрытыя, з антыпатыяй ставяцца да чужынцаў і абараняюць інтарэсы толькі сваіх сябраў. Узяць яшчэ лаяльнае стаўленьне з боку ўлады на тле перасьледу дзеячаў культуры зь «некарэктнай» пазіцыяй. Так, саюз мастакоў цалкам можна ўявіць фашыстоўскай структурай. Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве па акадэміі пойдуць чуткі пра тое, што нехта з кіраўніцтва ўладкаваў у сутарэньні свайго лецішча цэх па вытворчасьці клясычнага акадэмізму, дзе студэнты з Азіі адпрацоўваюць залікі пад пагрозай адлічэньня і адпраўкі на радзіму.

Добра, няма чаго тут больш пісаць. Усё зразумела. Трэба займацца справай.

Шчасьця й здароўя ўсім!

_______
Читать по теме:
_______