Уваходзячы ў традыцыю літаратурнай мовы і

канвенцыйных форм, якія за стагоддзі

прыстасаваліся да мэтаў мужчынскага

самавыказвання, жанчыны будуць вымушаныя

фактычна «змагацца» з мовай.

А. Калодны

© Дж. Говард Миллер / плакат «We Can Do It!» / 1942

Ілюструючы студэнткам і студэнтам важнасць экстралінгвістычнага кантэксту пры перакладзе, я праводжу маленькі эксперымент: прашу перакласці просты сказ. Я кажу: уявіце, што вы перакладаеце якісь верш, і там ёсць такая фраза «I came to that place» — 99% дзяўчат адказваюць «Я прыйшоў на тое месца». І я пытаюся, а чаму «прыйшоў», чаму не «прыйшла»?

Праўда, калі натыкаешся на выразы кшталту «…хо­рошие, кра­сивые ве­щи: ав­то­моби­ли, жен­щи­ны, ал­ко­голь» [1], разумееш, што гэта не мова, а чалавек, які спалучыў адпаведныя словы адпаведным чынам. Мы часта не задумваемся над тым, як і што кажам, і што неасцярожным словам можам зрабіць балюча.

Тэарэтычнай базай для фемінісцкай крытыкі мовы паслужылі погляды В. Гумбальда і тэорыя лінгвістычнай адноснасці Сэпіра-Уорфа. Для В. Гумбальда мова — гэта тое, з дапамогай чаго людзі ствараюць сваю канцэпцыю аб’ектыўнай рэальнасці (Weltanschauung). «Мова народа ёсць яго дух, і дух народа ёсць яго мова» [2]. У 30-я гады ХХ стагоддзя ў ЗША з’явілася канцэпцыя лінгвістычнага рэлятывізму. Паводле гэтай гіпотэзы мова не толькі з’яўляецца прадуктам грамадства (культура ўплывае на мову), але таксама аказвае ўздзеянне на фармаванне мыслення членаў гэтага грамадства і асаблівасці іх паводзін, г.зн. тое, як і што мы гаворым уздзейнічае на тое, што мы думаем, менавіта таму, зыходзячы з гіпотэзы Сэпіра-Уорфа, прыхільнікі фемінісцкай лінгвістыкі настойваюць на пераасэнсаванні моўных нормаў і рэфармаванні мовы.

М. Хардман назвала вобраз чалавечага мыслення «дэрывацыйным», бо пунктам адліку ў свядомасці чалавека з’яўляецца сам чалавек, а ўсё астатняе вымяраецца ў стаўленні да яго і бачыцца як вытворнае. Але, як яна кажа, «мы не можам проста так узяць і засвоіць іншы набор лінгвістычных пастулатаў ці масава і імгненна змяніць лінгвістычныя мадэлі роднай мовы» [3]. У гэтай сувязі даследчыца прапануе больш увагі звяртаць на штодзённыя мадэлі зносін, якія і фармуюць адносіны паміж людзьмі. Паколькі мова — гэта адкрытае ўтварэнне, уяўляецца магчымым яго мяняць. Мяняючы мову, мы можам змяніць асяроддзе, у якім жывем.

К. Мічард і К. Віялет прапануюць дзве стратэгіі: фемінізацыю і нейтралізацыю. Фемінізацыя звычайна выкарыстоўваецца нямецкімі лінгвістамі. Гэты выбар апраўданы лінгвістычнымі прычынамі: у нямецкай і раманскіх мовах граматычныя маркёры полу маюць большую частотнасць за англійскую ці скандынаўскія мовы. Гэтай стратэгіяй навукоўцы імкнуцца «адхіліць панаванне мужчынскага прынцыпу і зрабіць як мага больш бачным і рэальна прысутным жаночы прынцып у мове» [4], што аднак сутыкаецца з ужо існай асіметрыяй паміж станоўчымі канатацыямі, якія звязаны з мужчынскім пачаткам, і негатыўнымі канатацыямі,  якія асацыююцца з жаночым.

Нейтралізацыя — гэта стратэгія, якая падыходзіць такім мовам, як англійская, дацкая, шведская, бо ў іх адносна невялікая колькасць граматычных маркёраў полу. Гэтыя дзве стратэгіі, якія здаюцца з першага погляду процілеглымі, зусім не выключаюць, а, наадварот, могуць дапаўняць адна адну. Выбар той або іншай стратэгіі абумоўлены шэрагам лінгвістычных і палітычных фактараў.

Стварэнне жаночай мовы, якая б дала магчымасць абазначэння рэалій рэчаіснасці з жаночага пункта гледжання, — яшчэ адна мэта некаторых праграм па фемінісцкім рэфармаванні мовы. Прапанаваныя змены тычацца стварэння неалагізмаў тыпу malestream (замест mainstream), графічных змен womyn ці wommin (замест woman) і нават  стварэнні зусім новай жаночай мовы. Прыкладам таму можа служыць мова Láadan, створаная пісьменніцай-фантасткай і лінгвісткай С.Х. Элджын «каб праверыць гіпотэзу Сепіра-Уорфа і даць магчымасць жанчынам супрацьстаяць абмежаванням мужчынскай мовы, якая вымушае нас апраўдвацца фразамі кшталту “я ведаю, што сказала так, але мела на ўвазе іншае”» [5]. Фемінісцкая крытыка мовы сыходзіць з таго, што мова фіксуе карціну свету з мужчынскага пункту гледжання. Адпаведна, мова не толькі антропацэнтрычна (арыентавана на чалавека), але і андрацэнтрычна (арыентавана на мужчыну). У такой мове жанчыны прадстаўлены як «іншае», а часта і зусім выключаны. Фемінісцкая лінгвістыка выдзяляе наступныя прыметы андрацэнтрызму:

1) шмат у якіх еўрапейскіх мовах для слова мужчына і чалавек ужываецца адно і тое ж слова (man — англ., homme фр.);

2) назоўнікі жаночага роду ўтвараюцца ад назоўнікаў мужчынскага роду пры дапамозе суфіксаў –к-, -іха-, (бел.), —иц-, —ш— (рус.),ess-, —ette— (англ.), —in (нем.) або, як у англійскай мове, дадаваннем слоў кшталту woman, lady, she для ўказання на жаночы пол суб’екта. Так утвараюцца словы woman painter ‘жанчына-мастак’, woman lawyer ‘жанчына-адвакат’ і г.д. Аднак такія словы, асабліва назвы прафесій, маюць негатыўныя канатацыі, таму што быццам дыктуюць, што мужчынскае — гэта норма, а жанчыны — нейкі асаблівы выпадак. Іншымі словамі маркіраваная катэгорыя (у нашым выпадку — жаночая форма) прадугледжвае дэвіянтны або маргінальны статус. І наадварот, калі прафесія жанчыны абазначаецца пры дапамозе назоўнікаў у мужчынскай форме — гэта значна павышае ейны статус (напрыклад, рус. директор — директриса — директорша);

3) так званы «механізм уключанасці» у граматычны мужчынскі род. Гэта значыць, што калі гаворка ідзе пра прадстаўнікоў абодвух палоў, дастаткова назваць назоўнік мужчынскага роду, напрыклад: выкладчыкі кафедры, калі маюцца на ўвазе і выкладчыкі, і выкладчыцы. У французскай мове гэта добра ілюструецца займеннікам трэцяй асобы множнага ліку яны. Калі група людзей складаецца толькі з жанчын то выкарыстоўваецца займеннік elles ‘яны (ж.р.)’, калі з мужчын — ils ‘яны (м.р.)’, а калі група змешаная, то выбіраецца мужчынскі варыянт ils. У англійскай мове такой праблемай з’яўляецца асабовы займеннік he ‘ён’ і ягоныя вытворныя. Прынята лічыць, што займеннікі he, his, him ужываюцца для абазначэння асобы любога полу, напрыклад: The best time to teach a child maths is when he is one or two years old ‘Лепшы час вучыць дзіця, калі яму адзін-два гады’. Ці сапраўды гэта так? Праведзеныя даследаванні паказваюць, што большасць носьбітаў англійскай мовы не ўспрымаюць he як займеннік, які ўключае ў сябе she і, адпаведна, лічыць яго ўніверсальным неправамерна [6].

4) дапасаванне на сінтаксічным узроўні ідзе па форме граматычнага роду адпаведнай часціны мовы, а не па рэальным поле рэферэнта, напрыклад: нямец. Wer hat seinen Lippenstift vergessen? (Хто забыў тут ягоную памаду?).

Асноўным аб’ектам даследавання першага кірунку фемінісцкай лінгвістыкі (ФЛ) выступае лексікон мовы, дзе выяўляюцца моўныя асіметрыі, якія атрымалі назву «моўны сексізм» — так званыя патрыярхатныя стэрэатыпы, што зафіксаваныя ў мове і навязваюць моўцам мужчынскую карціну свету.

Другім кірункам ФЛ стала дыскурсіўнае ці функцыянальнае, дзе даследаванні тычацца камунікатыўна-прагматычнай функцыі мовы. Вывучэнне маўленчых паводзін у рамках дадзенага кірунку дазволіла выявіць і дэталёва апісаць мужчынскія і жаночыя стратэгіі маўленчых паводзін на базе некалькіх еўрапейскіх моў. У рэчышчы гэтага кірунку аналізуюцца розныя аспекты вядзення дыялогаў — тэлевізійныя  ток-шоў, гутаркі лекараў і пацыентаў, зносіны ў сям’і. У аснове даследаванняў ляжыць меркаванне пра тое, што на базе патрыярхатных стэрэатыпаў, зафіксаваных у мове, фармуюцца розныя маўленчыя стратэгіі, характэрныя для мужчын і жанчын.

Паняцце «жаночая» мова прапануецца разглядаць як мову «бяспраўных» («безуладную» мову, «слабую» мову), уласцівую сацыяльна не абароненым пластам грамадства. Па меркаванні даследчыкаў, мова «бяспраўных» не абавязкова з’яўляецца жаночай прэрагатывай, яна можа быць скарыстана любым камунікантам з ніжэйшым статутам. У якасці прыкладаў індэксаў падпарадкаванага становішча можна назваць такія характарыстыкі «слабой» мовы як, зверхветлівыя формы, гіперкарэктная граматыка і вымаўленне, прамое цытаванне, недастатковая праява пачуцця гумару, у прыватнасці, няўменне пажартаваць. Калі, дасягнуўшы высокага становішча, жанчына будзе размаўляць як жанчына (чаго чакае ад яе грамадства), яна пакажа сябе неадэкватным лідарам. Калі будзе размаўляць, як прынята ў лідараў (г.зн. як мужчыны), то будзе абвінавачана ў тым, што яна — «непаўнавартасная жанчына».

Фемінісцкая лінгвістыка дыскурсіўнага кірунку ўсталявала наступныя адметныя рысы жаночых маўленчых паводзін:

1)         больш частае ўжыванне жанчынамі памяншальных суфіксаў;

2)         частае выкарыстоўванне ўскосных маўленчых актаў, сцвярджэнняў у форме пытанняў;

3)         інтанацыі няўпэўненасці пры адсутнасці самой няўпэўненасці;

4)         уменне засяродзіцца на праблемах суразмоўцы, імкненне да супрацоўніцтва ў дыялогу [7].

Адрозненні ў маўленні мужчын і жанчын залежаць не толькі ад палавой прыналежнасці камунікантаў, але і ад іх статуту, адукацыі, узросту і культурнага асяроддзя. Больш карэктна казаць пра нейкія стылістычныя асаблівасці мужчынскай і жаночай гаворкі, падкрэсліваючы, што гэтыя асаблівасці носяць  імавернасны характар і залежаць ад сітуацыі. Акрамя таго, вывучэнне розных культур паказала, што паводзінскія рысы, якія лічацца тыпова жаночымі ці мужчынскімі ў адной культуры, у іншай такімі не з’яўляюцца. У той жа час ва ўсіх культурах ажыццяўляецца дыферэнцыяцыя па палавой прыкмеце. Як толькі нейкая рыса пачынае асацыявацца з адным полам, прадстаўнікі іншага полу спрабуюць пазбавіцца яе.

Што датычыць стану даследаванняў у галіне гендарнай лінгвістыцы на постсавецкай прасторы, то гэта хутчэй навука аб мове, якая носіць дыскрыптыўны характар і бярэ ў якасці фактычнага матэрыялу маўленне жанчын і мужчын або лексіку, якая ўжываецца для абазначэння жаночага ці мужчынскага, не падвяргаючы аналізу прычыны і вынікі такой сітуацыі. Акадэмічная традыцыйная навука не прапускае «непажаданага» навабранца ў свае ўладанні, старанна ахоўваючы ўласныя межы, падтрымліваючы гегемонію[8]. У Беларусі гадоў сем–восем таму яшчэ можна было пабачыць курсавыя ці дыпломныя па тэме гендарнай лінгвістыцы, праўда, такая тэма нават тады не мела шанцаў на кандыдацкую ці доктарскую. Цяпер у асноўным засталіся даследаванні звязаныя з гістарычным кантэкстам ці літаратуразнаўчыя (напр., творчы шлях паэткі/пісьменніцы і г.д.), якія зноў жа маюць апісальны характар. Для справядлівасці варта адзначыць канферэнцыю «Гендар і праблемы камунікатыўных паводзін», якая праводзілася Полацкім дзяржаўным універсітэтам ў 2002, 2005, 2007 і 2010 гг. і па выніках якой выдаваліся зборнікі дакладаў[9].

Ужо ў 1978 г. Дж. Фетэрлі заклікала супрацьстаяць «сексісцкім праекцыям з боку тэксту — калі тэкст ідэнтыфікуе жанчыну супраць сябе, маніпулюе ейнымі сімпатыямі ў інтарэсах мужчынскага персанажу, але супраць персанажа жаночага — сварлівай бабы ці зласлівай сукі» [10]. І чытач(ка) вымушаная станавіцца на пазіцыі героя-мужчыны па прычынах адсутнасці альтэрнатывы. Так званая «гамалагізацыя» [11] мае на ўвазе засваенне жанчынамі мужчынскага ладу жыцця, іх практык і прынцыпаў, як адзіна правільнай. Менавіта гэты шлях прапаноўваўся С. дэ Бавуар. Такая парадыгма мыслення будуецца на падмурках дуалізму і бінарных апазіцый, што з’яўлецца тыповым для заходняй філасофскай думкі. На шалях гэтых апазіцый ляжаць наступныя катэгорыі: прырода — культура, дабро — зло, пасіўнасць — актыўнасць, рацыянальнае — эмацыйнае. У такой сістэме каардынатаў адно маркіруецца як станоўчае і правільнае, а другое — як хаатычнае і заганнае. Адно робіцца нормай, а другое — дэвіяцыяй, і як вынік мужчынскае атаясамлівацца з агульначалавечым, а жаночае атрымлівае статус «іншага» (otherness).

Аднак трэба памятаць, што такая сістэма «не з’яўляецца ні неабходнай з пункту гледжання гістарычнай непазбежнасці, ні рацыянальнай у выніку канцэптуальнай неабходнасці. Яна проста ўзнікла як уладныя абгрунтаванні сістэмы, у якой грамадства канструюе нас усіх або як мужчын, або як жанчын, выкарыстоўваючы пры гэтым пэўны набор сімвалічных, семіятычных і матэрыяльных сродкаў» [11].

Часам было б някепска ўзгадваць пра тое, што мова — не проста інструмент ці сродак зносін, гэта складанейшы феномен, сувязь якога з мысленнем мае супярэчлівы характар. Наіўна думаць, што тое, як мы размаўляем, якімі словамі карыстаемся і што абазначаем імі, важна толькі для лінгвістаў. Праблематызаваць, дэканструяваць і самае галоўнае рэфлексаваць наконт мовы і моўных пытанняў адна з істотнейшых задач homo verbalis, інакш лінгвістычная сітуацыя з рамана Дж. Оруэла «1984» можа стацца рэальнасцю для ўсіх нас.

 


[1] http://bolshoi.by/kolumnisty/geroi/

[2] Гумбольдт В. фон. О различии строения человеческих языков и его влиянии на духовное развитие человеческого рода // Язык. Знание. Коммуникация. Культура: Аутентичные материалы для самостоятельной работы / Сост.: Михневич А., Токарева И., Третьякова Г. — Минск.:  МГЛУ, 2003.

[3] Hardman M.J. The Sexist Circuits of English // Humanist. Vol. 56. Issue 2. — London: Blackwell, 1996. – P. 25-32.

[4] Michard C., Viollet C. Sex and Gender in Linguistics. — [Electronic resource]. — Mode of access : www.ontheissuesmagazin.com/vol18. Date of access : 20.03.2005.

[5] Láadan language, see: http://en.wikipedia.org/wiki/L%C3%A1adan

[6] Gastil, J. Generic Pronouns and sexist language: The oxymoronic character of masculine generics // Sex Roles, Vol. 23, Nos. 11/12, pp. 629-643.

[7] Горошко, Е.И. Гендерная проблематика в языкознании // Введение в гендерные исследования. Ч.1: Учебное пособие / Под ред. И.А.Жеребкиной. — Харьков: ХЦГИ, 2001; СПб.: Алетейя, 2001.

[8] Гл., напр.: Першай, А. Колонизация наоборот: гендерная лингвистика в бывшем СССР // Гендерные исследования №7-8, Харьков 2002, С. 236–249.

[9] Зборнікі можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы РБ.

[10] Колодны, А. Танцы на минном поле. Некоторые наблюдения относительно теории, практики и политики феминистской литературной критики // Введение в генедрные исследования. Ч. II: Хрестоматия / Под ред. С. В. Жеребкина. Харьков: ХЦГИ,2001; СПб.: Алтейя, 2001.

[11] Брайдотти, Р. Различие полов как политический проект номадизма // Хрестоматия феминистских текстов. Переводы. Под ред. Е.Здравомысловой, А.Темкиной. Спб.: Издательство «Дмитрий Буланин», 2000.

_______
Читать по теме:
_______