Газета «Культура» запрасіла за «круглы стол» з нагоды ўдзелу Беларусі на 54-м Венецыянскім біенале Міхаіла Баразну, Наталлю Шаранговіч, Александра Зінкевіча, Паўла Вайніцкага, Дзяніса Барсукова і Канстанціна Касцючэнку.

Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале ўжо завяршыў сваю працу, а прадстаўленыя ў ім творы (у тым ліку і крохкая саламяная скульптура) паспяхова пераадолелі доўгі шлях на радзіму. 15 лістапада яны будуць прадстаўлены на суд айчынных аматараў contemporary art: у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрыецца выстаўка — версія павільёна. Літаральна днямі фінішуе і яшчэ адзін буйны міжнародны арт-марафон, у якім сёлета дэбютавала наша краіна, — IV Маскоўскі біенале. Адпаведна, наспеў час падвесці вынікі «біенальнага сезона». І, без сумневу, парахаваць адносна перспектыў. За «круглы стол» у рэдакцыю «К» былі запрошаны непасрэдныя ўдзельнікі падзей: куратар Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл БАРАЗНА, камісар павільёна, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталля ШАРАНГОВІЧ, асістэнты куратара — дырэктар Рэспубліканскай галерэі «Палац мастацтва» Аляксандр ЗІНКЕВІЧ, скульптар, кандыдат мастацтвазнаўства Павел ВАЙНІЦКІ (ён з’яўляўся таксама і адным з куратараў спецпраекта Маскоўскага біенале «Унутраныя ландшафты»), галоўны спецыяліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяніс БАРСУКОЎ, удзельнік экспазіцыі — скульптар Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА. Мадэратарам гутаркі стаў рэдактар аддзела газеты «Культура» Ілья СВІРЫН.

Наталля Шаранговіч / Павел Вайніцкі / Дзяніс Барсукоў / Канстанцін Касцючэнка / Аляксандр Зінкевіч / Міхаіл Баразна // фота Андрэя Спрынчана і Юрыя Іванова

Міхаіл БАРАЗНА: – Я з самага пачатку быў упэўнены, што Беларусь мае ўсе магчымасці для дастойнага ўдзелу ў Венецыянскім біенале. Ініцыятыва міністра культуры краіны Паўла Латушкі была папраўдзе вельмі своечасовай — сама мастацкая сітуацыя для яе выспела. Што да рэалізацыі задумы… Ведаеце, зацверджаны план работы па падрыхтоўцы павільёна «праколаў» не прадугледжваў. Таму іх і не было. Арганізацыйныя складанасці былі непазбежныя пры адсутнасці пастаяннага павільёна, але… пераадольныя. Асабліва хацелася б падзякаваць нашаму генеральнаму спонсару — аднаму з буйных беларускіх банкаў. Лічу, што ўдзел нашай краіны ўбіенале можна назваць важным і ўдалым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Пытанне пра аб’ектыўную ацэнку павільёна ў Венецыі — гэта не да мяне. Каб мець на яе права, трэба быць староннім назіральнікам. Зрэшты, ацэньваючы эфектыўнасць нашых высілкаў, можна апеляваць і да аб’ектыўных фактаў. Па папярэдніх падліках адказных за прадастаўленую нам залу супрацоўнікаў «Найноўшага Арсенала» толькі за тры месяцы павільён Беларусі наведала болей за 20 тысяч гледачоў — па мерках Венецыянскага біенале, гэта даволі шмат.

Ілья СВІРЫН: – Колькі разоў даводзілася чуць ці чытаць нараканні адносна выбару месца: маўляў, і дабірацца туды было нязручна, і сам антураж прасторы не надта пасаваў экспазіцыі… Ці можна было неяк змяніць сітуацыю, улічваючы тое, што месца ў Венецыі няшмат у прынцыпе, і на плошчы прэтэндавалі яшчэ сотні паўтары праектаў?

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Лішне казаць, што праца была выключна складанай. Бо — упершыню, у іншай краіне, дзе між суб’ектамі ўсталяваны зусім іншыя адносіны, чым у нас. І ўжо тое, што вялізны комплекс непазбежных у гэтым выпадку праблем быў паспяхова вырашаны, заслугоўвае самай высокай ацэнкі. А маючы сёлетні досвед, наступным разам можна будзе і ўдасканальвацца.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Насамрэч, трапіць у наш павільён было вельмі лёгка. У «Найноўшы Арсенал», дзе ён месціўся, ходзяць чатыры водныя трамваі, якія з’яўляюцца адзіным грамадскім транспартам у Венецыі. Апрача таго, паміж італьянскім і беларускім павільёнамі цыркуляваў катар. Нагадайма, што месцам дзеяння быў менавіта Арсенал — самы цэнтр Біенале. У нашым блоку размяшчаліся і павільёны італьянскіх аўтараў, супольны міжнародны праект «Як перамагчы энтрапію», павільён Паўднёва-афрыканскай рэспублікі… Таму, з пункта гледжання геаграфіі, усё склалася, лічу, спрыяльна.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Мы ад пачатку ставілі задачу, каб беларускі павільён трапіў на шляхі, па якіх рухаюцца арт-турысты. Не тыя, што прыязджаюць у Венецыю дзеля Венецыі, але менавіта свядомыя наведвальнікі форуму: крытыкі і аматары мастацтва, своеасаблівая экспертная група. Рэакцыя гэтай патрабавальнай катэгорыі гледачоў мяне асабліва ўзрадавала. Наведвальнікі не «завітвалі мімаходзь», а надоўга спыняліся, каб дэталёва разгледзець прадстаўленыя творы — не толькі даволі прыцягальную сваімі памерамі скульптуру Артура Клінава, але і, скажам, мініяцюрную графіку Юрыя Алісевіча. Архітэктар павільёна Міхаіл Шыкаў вырашыў прастору такім чынам, што прымушаў гледача рухацца па задуманым «маршруце», які найбольш яскрава выяўляў канцэпцыю куратаскай задумы. Ацэнка калег — гэта вельмі важна. Побач з намі быў павільён мастацкіх акадэмій Італіі, прымеркаваны да 150-й гадавіны аб’яднання краіны. І яго ўдзельнікі пакінулі вельмі добры водгук пра нашу экспазіцыю, адзначыўшы яе сімвалізм. А паколькі прадстаўленыя там творцы маюць непасрэднае дачыненне да айчыннай мастацкай школы, гэта было і прызнанне яе вартасці. Прычым ніхто не называў праект празмерна традыцыйным: наведвальнікі адзначалі выбудаванасць, прадуманасць экспазіцыі, багацце сэнсаў.

Ілья СВІРЫН: – Удзел у Біенале каштоўны яшчэ і тым, што айчыннае мастацтва экспанавалася ў глабальным арт-кантэксце…

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА: – Пад час Біенале ўвесь горад уяўляе з сябе вялізную выставачную пляцоўку. І яе складнікі занадта разнастайныя, каб іх можна было лёгка параўнаць ды расставіць «па ранжыры».

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – У мяне ўвесь час узнікала ўражанне, што мы не даганяем і не апярэдзілі, мы — у кантэксце. І, напэўна, гэта самае важнае: адчуць, што нашы мастакі не менш цікавыя, чым прадстаўнікі іншых краін, іх творам уласціва такая самая глыбіня, як творам з іншых краін…

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Так, некаторым з нас чамусьці ўвесь час здаецца, што мы нейкія «не такія». І менавіта ўдзел у Біенале — адзін са спосабаў засведчыць лішні раз самім сабе, што мы — еўрапейская нацыя, якой папраўдзе ёсць чым ганарыцца.

Ілья СВІРЫН: – Водгукі тых нешматлікіх прадстаўнікоў арт-супольнасці, якія дабраліся да Венецыі ды ўбачылі выстаўку на ўласныя вочы, часта былі даволі крытычнымі.

Міхаіл БАРАЗНА: – Не згадаю ніводнай яркай культурнай з’явы за апошнія дзесяцігоддзі, якая мела б выключна адназначную і роўную ацэнку. Асабліва гэта тычылася тых выпадкаў, калі колькасць кандыдатаў значна перавышала лік магчымых вакансій.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Пытанне ў адказ: «А суддзі хто?». Чытаючы подпіс пад «разгромным» артыкулам, я часам задаю сабе пытанне: а хто гэта такі? Здавалася б, я ведаю ці не ўсіх, хтос піша пра мастацтва ў нашай краіне, але гэтае прозвішча бачу ўпершыню. Неаспрэчна, альтэрнатыўныя меркаванні павінны існаваць, аднак мы не мусім панікаваць, калі нас раскрытыкуе той, хто ў нашым артжыцці займае не самае прыкметнае месца. Маўляў, падвергнуць абструкцыі Нацыянальны павільён Біенале — гэта пачэсна, гэта дадае статуса!

Ілья СВІРЫН: – Але ж у ролі крытыкаў выступалі і вядомыя персоны. Прыкладам, мастак Сяргей Кірушчанка звярнуў асаблівую ўвагу на прынцыпы адбору куратарскага праекта, настойваючы на неабходнасці іх «дэмакратызацыі»…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Мушу запэўніць: незадаволеныя будуць пры любым механізме выбару куратара і мастакоў. Нават калі б кожны ахвотны меў магчымасць прагаласаваць асабіста.

Ілья СВІРЫН: – Але ў тым выпадку, калі гэты механізм трывалы ды транспарэнтны, на такія нараканні можна папросту не звяртаць увагі…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Я не раіў бы звяртаць на іх увагу і ў дадзеным выпадку. Ёсць агульнасусветная практыка, калі куратар адбірае тых мастакоў, якія здатныя найбольш адэкватна выявіць яго ідэю, і нясе персанальную адказнасць за ўсе вынікі свайго выбару. Гэта шчырая і смелая пазіцыя, куды больш эфектыўная, чым «пошукі кампрамісу» і памкненні дагадзіць усім. Апошні шлях, без сумневу, прывёў бы да чарговай «справаздачнай» выстаўкі — толькі ўжо ў Венецыі.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Не зусім этычна спрабаваць унурыцца ў твор куратарскага мастацтва, а я настойваю на тым, што гэта — мастацтва. Як жывапісец малюе фарбамі, так і куратар выкарыстоўвае творы мастакоў для стварэння экспазіцыі. І наўрад ці варта раіць жывапісцу, якія фарбы класці на палатно. Дыскусіі могуць весціся хіба пра механізм выбару самога куратара. І варта адзначыць, што ў розных краінах ён адбываецца па-рознаму. Прыкладам, у Прыбалтыцы — на конкурснай аснове. А вось, скажам, у Расіі куратар нацыянальнага павільёна прызначаецца Міністэрствам культуры. І ў гэтым няма нічога дзіўнага.

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Сапраўды, Венецыянскі біенале прадугледжвае прадстаўніцтва менавіта на ўзроўні дзяржавы. І таму ў большасці краін-удзельніц рашэнне прымаецца на ўзроўні Міністэрства.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Ці мела сэнс у нашым выпадку праводзіць конкурс сярод куратараў? Хто б у ім удзельнічаў, хто б мог увайсці ў склад журы, маючы для гэтага дастатковы аўтарытэт менавіта ў сферы сучаснага мастацтва? І ці ўсе прынялі б канчатковы вердыкт? Ва ўмовах падзеленасці айчыннай арт-супольнасці на «гурткі па інтарэсах» ды з увагі на розныя іншыя фактары адказы на гэтыя пытанні выглядаюць даволі няпэўна.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Натуральна, можна выбраць лепшых мастакоў усеагульным галасаваннем, як гэта сёлета было ў Аргенціне. Але большасць краін пайшла тым самым шляхам, што і мы. У той жа Расіі многія сумняваліся ў слушнасці куратарскай канцэпцыі павільёна: маўляў, ці варта прадстаўляць у ім матэрыял больш як трыццацігадовай даўніны? Але калі праект рэалізавалі, ніхто не абрынуў на яго агонь крытыкі.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – А вось нашым мастакам бракуе пазітыву ў ацэнцы калег. Адсюль і катэгарычны «разнос» — між іншым, пазбаўлены аналізу ды аргументацыі.

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Айчыннаму мастацкаму асяродку трэба выпрацоўваць культуру мыслення і дыскусій, пазбаўляцца ад асабістых амбіцый. І зыходзіць у сваіх меркаваннях не толькі з уласнай пазіцыі ды інтарэсаў.

Міхаіл БАРАЗНА: – Трэба быць гатовым да таго, што незадаволеныя знойдуцца заўсёды — ужо хаця б таму, што розныя людзі маюць розныя погляды і характары. А нехта — проста крытык «па жыцці». Салодкае яму падаецца недастаткова кіслым, кіслае — зусім несалодкім… Сярэднестатыстычны партрэт крытыка зрабіць нельга. Іншая справа, што статус эксперта, які пацвярджаецца кваліфікацыяй, дзейнасцю і прызнанне грамадства. Тым больш, спецыялісты ўжо даўно апісалі тыя адмысловыя механізмы, якія дазваляюць камусьці дасягнуць сваёй мэты менавіта праз крытыку. Тактыка мусіравання адных і тых жа пытанняў здатная прымусіць уключыць у праект таго або іншага мастака альбо нават замяніць куратара.

Ілья СВІРЫН: – Уласна, тут хацелася б звярнуць увагу на іншае — не на змест і мадальнасць падобных выказванняў, а на іх колькасць. Убачыць павільён на ўласныя вочы здолелі не больш за дзясятак незаангажаваных у яго стварэнні прадстаўнікоў айчыннай арт-супольнасці. І таму ягоныя аўтары аказаліся свайго кшталту заложнікамі асабістых меркаванняў лічаных людзей. Менавіта яны фарміравалі грамадскую думку адносна нашага ўдзелу ў Біенале, будучы вельмі запатрабаванымі ў якасці інтэрв’юэнтаў.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Ці не больш, чым самі куратар ды мастакі.

Ілья СВІРЫН: – Дык ці не варта было парупіцца аб стварэнні належнага інфармацыйнага рэзанансу не толькі ў Венецыі, але і на Беларусі? Айчыннаму журналісту або крытыку не па кішэні білет на самалёт да «Марка Пола» і гатэльны нумар на Гранд-канале. А вось аплаціць крэсла ў «чартарным» аўтобусе і начлег у хостэле яны, мабыць, не адмовіліся б, — каб хтосьці ўзяўся за арганізацыю такога тура. Калі б у аўтобусе засталіся вольныя месцы, іх можна было б запоўніць, скажам, куратарамі: «у мэтах павышэння кваліфікацыі». Напэўна, узровень рэфлексіі аб сучасным мастацтве ў айчыннай медыяпрасторы (а з гэтым у нас праблема) у такім выпадку сур’ёзна палепшыўся б. Ды і арт-супольнасць атрымала б новы штуршок для развіцця. Уласна, гэта таксама немалаважныя мэты нашага ўдзелу ў Біенале.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Мы ўсведамлялі гэтую праблему ад пачатку. І менавіта таму адразу задумалі паказаць павільён у Мінску — няхай сабе і ў выглядзе версіі, бо аналагічную залу знайсці там наўрад ці ўдасца. На Венецыянскім біенале такая практыка агулам не распаўсюджана, але нам важна, каб як мага больш суайчыннікаў маглі меркаваць калі не аб павільёне, дык аб прадстаўленых у ім работах і куратарскай канцэпцыі.

Ілья СВІРЫН: – А якім чынам складаліся стасункі куратара і мастакоў?

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА: – З самага пачатку падрыхтоўкі мы працавалі як адзіная каманда. Пастаянна ладзіліся гэткія сяброўскія сустрэчы, пад час якіх мы абмяркоўвалі праект. Праблем паразумення не ўзнікала, бо нікому не было сэнсу іх ствараць. Мы ўсе працавалі дзеля адзінай мэты і шукалі спосабаў яе дасягнуць.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Давайце згадаем, што для нас гэта першы прэцэдэнт самастойнага ўдзелу ў такой падзеі, і адсутнасць досведу, натуральна, давалася ў знакі: шлях даводзілася намацваць самастойна. Узнікала багата розных праблем — прыкладам, юрыдычных фармальнасцей… І тая добразычлівая атмасфера, пра якую казаў Канстанцін, была прадыктавана менавіта гэтымі ўмовамі: іначай такі складаны шлях не прайсці.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Мне падаецца, нікому няма сэнсу апраўдвацца. Змаганне розных мастацкіх груповак за права прадстаўляць краіну на Венецыянскім біенале — гэта нармальная сітуацыя і для заходняга свету. Іншая справа, многія лічаць, што ўсе сродкі — добрыя. Усім хочацца ў Венецыю! Але не трэба зацыклівацца на ёй. У свеце ладзіцца мноства падобных форумаў, і трапіць туды не так і складана, як многім здаецца.

Ілья СВІРЫН: – Павел можа падзяліцца «рэцэптам» пранікнення на Маскоўскі біенале…

Павел ВАЙНІЦКІ: – «Рэцэпт» трывіяльны: мы даслалі свой праект, і куратар Біенале Петэр Вейбель яго выбраў.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Прыгадаю тут і скульптара Косцю Селіханава, які не так даўно атрымаў трэці прыз біенале ў Японіі. Венецыянскі Форум на Беларусі вельмі міфалагізаваны, і ў мастацкай супольнасці многія перакананы: калі ты туды трапіў, дык літаральна заваяваў свет. Зрэшты, такое стаўленне да Венецыянскай біенале мы ў пэўнай меры самі культывуем.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Пазіцыю можна зразумець у выпадку з мастакамі, інтэграванымі ў сістэму заходняга арт-рынку. Груба кажучы, удзел у Венецыянскім біенале — дадатковы нулік у цане іх работ. Яны адразу трапляюць у арт-рэйтынгі. Дарэчы, там апынуліся ўжо і сёлетнія ўдзельнікі беларускага павільёна. Але калі гаворка вядзецца пра нашу сітуацыю, дзе арт-рынку ў заходнім разуменні, лічы, няма — на жаль, альбо, можа, і на шчасце… Тут наўрад ці варта разлічваць на буйныя дывідэнды.

Міхаіл БАРАЗНА: – Венецыянскі біенале — мерапрыемства, вельмі прыцягальнае для тых, хто мае выключна камерцыйныя інтарэсы. Мастацтва, якое там прадстаўляецца, можа быць некамерцыйным, але ж удзел у Біенале з’яўляецца вельмі важным пунктам у праграмах па прасоўванні групоўкі мастакоў на замежныя рынкі. Матывацыі тут могуць быць розныя.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – На Беларусі немагчыма падтрымаць або развіць гэты статус, прымусіць яго прыносіць плады. Праваднік мастака на арт-рынак — гэта галерэі, а з імі ў нас — ну проста бяда.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Я сказала б інакш: нашы галерэі не з’яўляюцца камерцыйнымі, выконваючы іншыя функцыі.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Менавіта так. У паветры ўжо даўно лунае ідэя правядзення «Арт-Мінска» — вялізнага кірмашу, які аб’яднаў бы ўсе галерэі краіны, па аналогіі з кірмашамі ў сталіцах суседніх краін. І вось, мы рэальна ацанілі магчымасці — і выявілася, што апрача Палаца мастацтва і яшчэ некалькіх устаноў ніводная галерэя не здатная знайсці сродкі нават на тое, каб аплаціць свае старонкі ў каталогу. Хацелася б прадставіць і галерэі з рэгіёнаў — балазе сярод іх ёсць вельмі цікавыя. Але ўзнікла пытанне: хто будзе аплачваць транспарціроўку работ? Адпаведна, крытычнай масы так і не набралася, кірмаш пакуль не адбыўся…

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Спадзяюся, удзел у Венецыянскім біенале дасць развіццю арт-рынку хаця б які штуршок. Бо пэўны рух наперад гэты ўдзел ужо інспіруе. Мастакам, прадстаўленым у павільёне, прапанавалі паўдзельнічаць у міжнародным конкурсе з добрым прызавым фондам. Гэта не значыць, што яны перамогуць, але… удзел таксама важны.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Мы прызвычаіліся жыць выключна надзённымі мэтамі, не думаючы пра далёкасяжную перспектыву. Самае важнае, над чым трэба працаваць, — гэта фарміраванне цікавасці да беларускага мастацтва як з’явы. Калі сучасны аўтар — скажам, Павел або Косця — прадасць свой твор на аўкцыёне «Сотбіс» за мільён долараў, ён такім чынам здолее «выцягнуць» наверх і іншых беларускіх мастакоў. Гэты прэцэдэнт станецца сапраўдным прарывам для айчыннага арт-рынку. Нас будуць успрымаць па-іншаму. Але… Мы ж не будзем дружна прасоўваць аднаго аўтара.

Ілья СВІРЫН: – Спробы інтэрвенцый на глабальны арт-рынак з мэтай «што-небудзь там прадаць» (менавіта як твор мастацтва, а не дэталь інтэр’ера) айчынныя мастакі ўжо рабілі. Пакуль- не надта вынікова…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Каму цікава рабіць інвестыцыі ў неліквідны прадукт? Трэба спярша змяніць гэты статус-кво.

Павел ВАЙНІЦКІ: – У іншых краінах нацыянальнае мастацтва купляе пераважна нацыянальная эліта. Але ж у нас людзей, згодных укладаць грошы ў мастацтва, пакуль бракуе…

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Як бракуе, зрэшты, і арт-менеджараў, здатных эфектыўна прасоўваць мастакоў. Будзьма рэалістамі: творцы ў замежных краінах не самі сябе прадаюць. Ды і імпрэзы сучаснага мастацтва збіраюць нямала спонсараў — возьмем хаця б тыя ж біенале. У нас жа пакуль можна па пальцах пералічыць тых, хто хацеў бы і мог укладаць грошы ў беларускае мастацтва. Згадайма хаця б банк, які выступіў спонсарам нашага павільёна: там працуюць людзі, якія цікавяцца сучаснай культурай, ствараюць сваю калекцыю твораў, менавіта таму яны нам і дапамаглі.

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Трэба шукаць у бізнес-колах людзей, неабыякавых да мастацтва. Сярод камерсантаў ёсць асобы, якія некалі самі прагнулі стаць мастакамі і таму разумеюць патрэбу самарэалізацыі. Але трэба знаходзіць нейкія шляхі да іхніх сэрцаў, умець іх зацікавіць. Ці атрымлівалася гэта ў мяне самога? Так, атрымлівалася. Але поспех спадарожнічаў прыкладна аднаму звароту са ста.

Ілья СВІРЫН: – Павел колькі гадоў стажыраваўся ў Канадзе, і хацелася б пачуць ад яго, хто забяспечвае «бензінам» творчыя ідэі ў гэтай краіне.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Ёсць некалькі варыянтаў. Некаторыя мастакі жывуць ва ўмовах чыстага рынку. Галерэя «раскручвае» таго або іншага аўтара, укладае ў яго сродкі, паэтапна вядзе да камерцыйных вяршыняў. І калі творы гэтага мастака трапляюць на тыя ж «Сотбіс» ды «Крысці», цана на іх фіксуецца на вельмі высокім узроўні- ніжэй апускацца ўжо нельга. Тут і надыходзіць поўная капіталізацыя. Прычым мастацтва, як выяўляецца, — супервыгадная сфера для інвестыцыі сродкаў. Купіўшы за капейкі творы «нераскручанага» аўтара і зрабіўшы колькі правільных крокаў, можна павысіць іх цану на рынку ў дзясяткі разоў. Венецыянскі біенале — таксама звяно гэтага працэсу, хаця і не самае галоўнае. Другі аспект — некамерцыйны рух, які падтрымліваецца на дзяржаўным узроўні, як федэральным, так і муніцыпальным, а таксама за кошт спонсараў і мецэнатаў. Такое мастацтва жыве не толькі на гранты ў non-profit галерэях, але таксама і ў музеях, дзе ўтвараюцца апякунскія саветы, своеасаблівыя «колы сяброў». Ахвяраваўшы колькі долараў, можна атрымаць зніжку на білеты, а вось для грандспонсараў прадугледжаны сапраўдны эксклюзіў — адмысловыя імпрэзы, сустрэчы з мастакамі. Дарэчы, такія сродкі стымулявання актыўнасці ахвярадаўцаў можна было б узяць на ўзбраенне і нашым музейшчыкам. Як мне падаецца, менавіта ў некамерцыйнай сферы і абываюцца самыя цікавыя працэсы. На маю думку, біенале — гэта праект, хутчэй, камунікатыўны, а не камерцыйны, магчымасць пазнаёміцца, наладзіць кантакты. Прыкладам, пад час Маскоўскага біенале давялося пагутарыць з яго камісарам, легендарным мастацтвазнаўцам Іосіфам Бакштэйнам, і ён, дарэчы, вельмі добра ацаніў наш праект. А ў Венецыі мне пашчасціла асабіста «перакінуцца слоўцам» з такімі класікамі, як Крысціян Балтанскі і Марына Абрамавіч. Ёсць надзея, што нейкія са шматлікіх біенальных сустрэч і знаёмстваў цягам часу ўвасобяцца ў канкрэтныя праекты. Увогуле, біенале — і асабліва біенале «маладыя» — патрэбны перадусім для таго, каб прыцягнуць мастацтва з усяго свету ў нейкі канкрэтны пункт зямнога шара: Сідней, Манрэаль, Маскву… Для ўдзелу ў асноўным праекце куратар запрашае «топавых» мастакоў свету. Але, у той самы час, абавязковай умовай з’яўляецца і ўдзел у ім мясцовых аўтараў — побач з міжнароднымі зоркамі. Натуральна, гэта развівае кантэкст. Да таго ж, такая канцэнтрацыя мастацва ў пэўным геаграфічным пункце — асабліва ў тым, які пакуль не надта ахоплены інтэрнацыянальным арт-працэсм, — шмат робіць для таго, каб ажывіць, запаліць сітуацыю. У гэтым сэнсе паказальны Маскоўскі біенале, у які ўкладаецца шмат грошай, куды запрашаюцца лепшыя аўтары і крытыкі. Людзі імкнуцца туды ехаць. Гэта рухае мастацтва — няхай сабе такі механізм і выглядае трохі штучным.

Ілья СВІРЫН: – У звязку з гэтым — заканамернае пытанне: калі ж у Мінску пройдзе форум сучаснага мастацтва міжнароднага маштабу? Здаецца, патрэба ў ім наспела ўжо даўно, ды і ўвасабленне задумы не выглядае як нерэальная мара. Прыкладам, сёлета ў сталіцы — тры тэатральныя фестывалі з удзелам замежных зорак першай велічыні. А вось з сучасным мастацтвам — зацішша. Тым больш, многія краіны, дзе праходзяць біенале, нават і не хаваюць таго, што яны ўкладаюць сродкі менавіта ў паляпшэнне ўласнага іміджа.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Ідэі — ёсць, але пакуль не надта маштабныя. Прыкладам, мы задумваем міжнародны фэст медыя-арту на базе нашага музея…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – А мы налета плануем біенале графікі з удзелам вядомых замежных аўтараў.

Міхаіл БАРАЗНА: – Міжнародныя падзеі мы ў Акадэміі мастацтваў ствараем ужо з 1996 года, калі ў нашых сценах адбыўся праект «Тэксты», над якім разам працавалі беларускія і нямецкія мастакі. Пасля гэтага быў яшчэ шэраг такіх выставак… Натуральна, што гэтая дзейнасць будзе працягвацца.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Можа, з гэтага і вырасце з часам нешта сапраўды маштабнае. Спярша «намацаем глебу», спраўдзім свае сілы… Бо калі зусім нічога не рабіць, зруху ніколі не будзе. Урэшце, збярэцца колькі ініцыятыўных людзей, якія будуць прадстаўляць розныя структуры, — людзей, згодных працаваць выключна на энтузіязме, зыходзячы з жадання неяк змяніць сітуацыю. І нешта ў іх, неаспрэчна, атрымаецца.

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Думаю, наш дэбют у Біенале ужо стварыў добрую «каманду», якая ў перспектыве магла б стаць асновай для арганізацыі мастацкіх падзей і ў Мінску. Бо яна мае для гэтага ўсе складнікі — уключна з досведам працы на міжнароднай арэне.

Ілья СВІРЫН: – Спіс усіх структур, задзейнічаных у арганізацыі і фінансаванні Маскоўскага біенале, папраўдзе ўражвае — як велічынёй, так і іх рознапрофільнасцю. І натхняе на выснову, што такія звышпраекты немагчымыя без партнёрства самых розных інстытуцый — як культурных, так і камерцыйных. Калі ўсе гэтыя высілкі ды сродкі трапляюць у адзін казан — у казане пачынае бурліць. Ці магчыма гэтак сама акумуляваць высілкі і на Беларусі? Прыкладам, Міністэрства культуры краіны не мае належнай пляцоўкі для буйнога выставачнага праекта, але затое яна ёсць у Саюза мастакоў…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Пад такую выстаўку мы аддамо плошчу нават бясплатна! Тым больш, гэта будзе ўжо не першы прэцэдэнт: у нас рэгулярна ладзяцца сумесныя з Міністэрствам культуры мерапрыемствы. Зрэшты, мы гатовы і да супрацоўніцтва з любымі творчымі сіламі. Калі хтосьці прапануе нам цікавы праект, ён атрымлівае і плошчы, і фінансаванне, і свабоду рэалізацыі сваіх задум. Бяда ў тым, што такіх ініцыятыўных людзей вельмі мала. Да таго ж, многія куратары чамусьці лічаць, што іхняя роля абмяжоўваецца аўтарскай ідэяй, і таму не ўдзельнічаюць у арганізацыйнай частцы, не прыносяць ні капейкі спонсарскіх грошай, ды яшчэ і наракаюць потым. Прыкладам, не так даўно ў Палацы мастацтва прайшла выстаўка «Чэнта», і пасля яе я са здзіўленнем прачытаў, што мы… кепскія. А што насамрэч? Мы выдаткавалі на яе арганізацыю 27 мільёнаў рублёў і «ў мыле» пяць дзён стваралі экспазіцыю. Праект не меў нармальнага медыйнага асвятлення, а колькасць прададзеных на гэтую выстаўку білетаў я нават пасаромеюся тут агучыць. Але… Мы ўсё адно кепскія! І ў такім выпадку я не зусім разумею, у чым жа заключаецца праца куратара. Як мне падаецца, гэта той чалавек, які вядзе праект ад пачатку і да канца, нясе за яго адказнасць.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Куратар генерыруе сэнсы, а не займаецца практычнымі рэчамі. Яны адносяцца, хутчэй, да кампетэнцыі арт-мэнеджара.

Ілья СВІРЫН: – На мой погляд, у нашых умовах ён вымушаны займацца ўсім. Вузкае раздзяленне працы пакуль немагчымае, а тое, што ты не зробіш сам, не зробіць ніхто…

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Згадайма нядаўнюю гісторыю з нашым удзелам у Маскоўскім біенале. Заяўка была прынята, удалося знайсці бясплатна экспазіцыйную плошчу, падпісаўшы з маскоўскім Музеем народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дамову на абменныя выстаўкі. Але ж у самы апошні момант узнікла праблема са сродкамі для транспарціроўкі работ. І вырашаў яе куратар Павел Вайніцкі разам з мастакамі-ўдзельнікамі. А што, каб не іх ініцыятыва? Усе толькі развялі б рукамі, і ніякай выстаўкі не было б.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Між іншым, нам фінансава дапамог чалавек, далёкі паводле сваёй сферы дзейнасці ад мастацтва, але чулы да праблем творцаў. І хаця ён пажадаў застацца неназванным, я хачу яшчэ раз яму падзякваць.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Адпаведна, кадравае пытанне ў куратарскай сферы стаіць вельмі востра. Нават грошы бывае прасцей знайсці, чым ініцыятыўных ды адказных людзей. І гэта прытым, што для іх работы ёсць годны «матэрыял» — цікавыя мастакі.

Ілья СВІРЫН: – Вартая ўвагі тэндэнцыя апошняга часу — супрацоўніцтва паміж асобнымі энтузіястамі ды паважнымі інстытуцыямі. Згадайма «Дах» у Палацы мастацтва, альбо «InTouch» у Музеі сучаснага мастацтва…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – А вось да арганізатараў «Даху» прэтэнзій быць не можа. Яны літаральна днявалі і начавалі ў Палацы мастацтва.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Я згадала б і яшчэ адзін цікавы досвед супрацоўніцтва — нядаўні фестываль дызайну, сумесны плён Мінгарвыканкама, Беларускага саюза дызайнераў, нашага музея, Польскага Інстытута, Цэнтра сучаснага мастацтва ў Торуні… Многім запомніліся буйнога памеру плакаты, выстаўленыя у выглядзе асобнай экспазіцыі літаральна на плошчы Якуба Коласа, тым больш, раней у нас такога не было.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Творы мастацтва, змешчаныя ў наша гарадское асяроддзе, рэдка калі валодаюць здольнасцю «кантактаваць» з людзьмі…

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Многія кажуць, што паблік-арта ў Мінску, бадай, няма як такога, але… мы зрабілі важны крок да ўсталявання яго традыцыі. Дарэчы, ёсць у нас і іншыя задумы на гэты конт. Прыкладам, чаму б не змяшчаць адметныя творы сучасных аўтараў на бігборды?

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Сапраўды, адна з праблем сучаснага чалавека — пастаянны недахоп часу. І калі ён «не даходзіць» да выставачных залаў, чаму б сучаснаму мастацтву самому не зрабіць крок насустрач гледачу?

Ілья СВІРЫН: – А ці гатовы аўтары «вынесці» свае работы з майстэрняў у гарадское асяроддзе? Ці адпавядаюць самі творы такому спецыфічнаму фармату?

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА: – Справа у тым, што работа задумваецца і робіцца найчасцей для канкрэтнага асяроддзя альбо кантэксту, і аўтар прыкладна разлічвае, якія эмоцыі ён павінен выклікаць. Прынамсі, мае творы рабіліся менавіта для пэўных кантэкстаў — уключна з Венецыянскім біенале. Але кожны новы праект, новая магчымасць — гэта выклік для мастака, гульня адрэналіну. Паспытаць сябе ў нечым новым заўсёды цікава. Мастак ментальна ператраўлівае і адлюстроўвае тыя працэсы, якія адбываюцца ў вонкавым свеце і ўнутры яго. І паблікарт тут — не выключэнне. Кожны аўтар прапануе сваё бачанне, свае ідэі. І па творах, выкананых у гэтым фармаце, будзе зразумелы ўнутраны свет мастака.

Ілья СВІРЫН: – А калі экскурс у чыйсьці ўнутраны свет будзе нецікавы камусьці з «выпадковых мінакоў»? Гэта я да таго, што неабходна вынайсці механізм, здатны задаволіць і тых, хто прагне самавыяўляцца ў публічнай прасторы, і тых, хто ў гэтай прасторы існуе.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Можа, не трэба рабіць такія творы «на вякі»? У паблік-арце павінна адбывацца няспынная ратацыя, якая пакідае толькі тое, што сапраўды ўпісалася ў асяроддзе і заваявала давер жыхароў. Прыкладам, у Берліне некалькі гадоў таму паставілі карагод са скульптурных мядзведзяў, кожны з якіх быў распісаны мастаком адной з краін свету. Ёсць там і беларускі мядзведзь. Дарэчы, гэты праект дзейнічае дасюль. За ім узнік іншы праект: у самых нечаканых месцах горада, на вуліцах, сценах і дахах дамоў змясцілі расфарбаваных кароў…

Ілья СВІРЫН: – І такія насельнікі з’явіліся на вуліцах многіх замежных гарадоў — натуральна, пры ўдзеле мясцовага «арт-актыву», даючы магчымасць самавыявіцца не адзінкам, а дзясяткам і сотням мастакоў. Робяцца яны зазвычай з самых танных матэрыялаў — каб праз колькі гадоў, калі тыя аб’екты ўсім надакучаць, было не шкада іх замяніць на нешта іншае. У нас жа самая распаўсюджаная форма паблік-арта — бронзавая скульптура, разлічаная менавіта «на вякі».

Міхаіл БАРАЗНА: – Мы павінны ўсведамляць, што гарадская прастора павінна спрыяць фарміраванню эстэтычнага густу. Гэта тая тэма, на якую не хацеў бы выказвацца «абагулена».

Павел ВАЙНІЦКІ: – Як падаецца, да стварэння новых аб’ектаў публічнай прасторы можна далучыць і камерцыйныя інстытуцыі, зацікаўленыя ў рэкламе. Гэта дазволіла б падзяліць цяжар фінансавай адказнасці паміж дзяржбюджэтам і прыватным капіталам. А праекты такіх твораў могуць праходзіць своеасаблівую апрабацыю і абмеркаванне ў сценах музеяў.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Сапраўды, патрэбна аб’яднанне высілкаў. Сёлета мінскі Інстытут Гётэ выступіў з ініцыятывай правядзення конкурсу мастакоў паблік-арту, і апошні выявіў вельмі арыгінальныя ідэі. Сёння нават цяжка ўявіць у нашым гарадскім асяроддзі нейкія рознакаляровыя шары альбо пяцідзесяціметровыя скульптуры. І калі падобныя праекты сумеснымі намаганнямі ўдасца рэалізаваць, жыць у Мінску стане трошкі цікавей.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Мы гатовы ўключыцца ў гэты працэс і панесці сваю частку выдаткаў. Іншая справа, вельмі часта ў такіх выпадках не ўтвараецца крытычнай масы: трэба дзесяць партнёраў, а ёсць толькі тры…

Павел ВАЙНІЦКІ: – Ды ўсё адно не выпадае скардзіцца на варункі і казаць, што «нічога няма». Галоўнае — нешта рабіць.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Вяртаючыся да тэмы глабальнага арт-івэнта… Найперш патрэбна ідэя. Няхай сабе гэта будзе пакуль толькі нейкая неаформленая думка — літаральна «з паветра», з нейкай мімалётнай размовы… У перспектыве яна здатная набыць вялізную моц. Заўсёды радуешся, калі ты здатны дапамагчы камусьці рэалізаваць яго ідэю, і нешта з яе некалі можа вырасці. Бо часам у моладзі складаецца ўражанне, быццам яе ніхто не чуе. Мастак нарадзіўся, грошай няма — і памёр…

Ілья СВІРЫН: – Праблема інтэграцыі маладых мастакоў у арт-кам’юніці па-ранейшаму вельмі актуальная.

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА: – Гэтая праблема актуальная для кожнага пакалення творцаў. І ў такой барацьбе за самасцвярджэнне няма нічога кепскага. Новаму мастаку трэба даказаць, што ён варты ўвагі публікі. Людзі ведаюць пэўны «набор» персаналій, прызвычаіліся да іх творчасці, і калі на арэне з’яўляецца нейкая новая асоба, ёй неабходна сябе сцвярджаць. Так было, ёсць і будзе заўсёды.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Цяпер нават значна прасцей. Гадоў 30 таму трапіць на выстаўку маладому мастаку было вельмі складана: ступень адбору была надзвычай сур’ёзнай, «пуцёўку ў свет» выдавалі не кожнаму, а мастацкі савет «заварочваў» дзве траціны прапанаваных работ…

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА: – І таму маладыя аўтары і баяцца, што іх не зразумеюць. Калі праводзіцца нейкі адбор, мастакі звяртаюць увагу на членаў камісіі, і думаюць сабе: «Так, гэтая работа — вельмі класная, смелая, свежая, але яе не зразумеюць, таму і не трэба рызыкаваць. Аднясу лепш нешта звыклае». Тым больш, і арганізатары выставак баяцца, што «рызыкоўныя» творы не будуць прыняты «шараговым» гледачом. Адсюль — і ўсярэдненасць, работы становяцца бяспройгрышна-стандартнымі. Замкнёнае кола…

Ілья СВІРЫН: – Тым не менш, «непадрыхтаваныя» гледачы і сапраўды не разумеюць…

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Выстаўка «Унутраныя ландшафты», што цяпер прадстаўлена на Маскоўскім біенале, выклікала ў нашым музеі вельмі супярэчлівы рэзананс. Нам яна падалася і канцэптуальнай, і сучаснай, і яркай, і нават правакацыйнай… Але часам даводзілася назіраць такую карціну: настаўніца, якая прывяла ў музей вучняў, ледзь не абуралася: маўляў, няўжо гэта — мастацтва?!.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Калі б тая настаўніца папярэдне пацікавілася, чым ёсць сучаснае мастацтва, абуралася б яна, напэўна, значна менш. Тым больш, у сучасным свеце вельмі шмат магчымасцей для самаадукацыі. І вельмі добра, калі наведанне выстаўкі або, скажам, прагляд фільма выклікае ў чалавека жаданне адкрыць кнігу ці, прынамсі, старонку ў Інтэрнэце.

Павел ВАЙНІЦКІ: – Самаадукацыя — гэта добра, але… У нашых умовах вельмі востра паўстае патрэба арганізацыі адукацыйных праграм, разлічаных на тых самых школьнікаў — як тое, дарэчы, практыкуецца шмат у якіх замежных цэнтрах сучаснага мастацтва. Алгарытм вельмі просты: мастак сам распавядае пра свае творы і тлумачыць, чаму яны маюць права на існаванне. Я ўжо спрабаваў патлумачыць школьнікам сэнс сваіх работ і бачыў, што яны мяне зразумелі. Мы планавалі зрабіць цыкл такіх сустрэч у рамках згаданай выстаўкі, аднак…

Дзяніс БАРСУКОЎ: – Мяркую, маладыя мастакі сёння маюць усе ўмовы, каб сябе сцвердзіць. Але толькі пры адной умове: калі яны не будуць чакаць «добрага дзядзьку», які прыйдзе і дасць ім валізку грошай. І сённяшняя творчая моладзь ужо разумее, што тыя часы, калі дзяржава брала на сябе ўсе практычныя клопаты мастакоў, літаральна вяла іх па жыцці, ужо мінулі. Вядома, цяпер і дзяржава заклапочана тым, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця мастацтва, аднак трэба жыць у сучасных умовах. Каб мець поспех, трэба працаваць, быць менеджарам сваіх ідэй.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – І калі мы не разарвём гэтае замкнёнае кола — у тым ліку і праводзячы «рызыкоўныя» выстаўкі, — дык заўсёды будзем таптацца на адным месцы, дзесяцігодзямі выстаўляючы «стандартныя» работы…

Канстанцін КАСЦЮЧЭНКА: – Тады і гледачы не будуць мець магчымасцей для ўнутранага развіцця. Нешта новае спярша падаецца незразумелым, выклікае адпрэчанне. Але потым, пры больш уважлівым разглядзе, пачынае «чапляць». А калі мы спынімся на нейкіх «правераных гадамі» рэчах, патрэбы думаць і развівацца ў гледачоў не будзе ўзнікаць.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – «Не разумею, і таму гэта кепска…» — ёсць і такая пазіцыя. Але ж наша пазіцыя — не баяцца выстаўляць тое, што мы лічым яркім, цікавым, вартым увагі, адкрываць гэтыя праявы мастацтва для наведвальнікаў, вучыць іх успрымаць. Таму і ўдзел у біенале нам патрэбны, інакш не будзе развіцця, мы проста застынем у адным стане — «правільным», але нязрушным.

Ілья СВІРЫН: – Падаецца, беларускі глядач не прызвычаіўся да таго, што твор мастацтва можа быць спрэчным. І вынікам своеасаблівага дыялога рэцыпіента з аўтарам можа стаць і адпрэчванне альбо асабістае непрыманне яго пазіцыі.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – І гэта, насамрэч, не ёсць дрэнна…

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ: – Нам ні ў якім выпадку нельга губляць тыя напрацаваныя дзесяцігоддзямі традыцыі, якія з’яўляюцца гонарам айчыннага мастацтва! Нельга змяняць вектар яго развіцця на дыяметральна супрацьлеглы, нельга «сячы з-за пляча». Ды, у той самы час, нельга і стопарыць натуральныя працэсы творчай актыўнасці. Няхай у нашым мастацтве будуць паралельныя шляхі. Ад гэтага яно толькі выйграе. На жаль, мастацкія колы сёння вельмі разадзіночаны — мы рэдка збіраемся нават дзеля таго, каб проста пагаварыць. Неяк даводзілася гутарыць са знакамітым мэтрам Георгіем Паплаўскім, і ён распавядаў, што раней усе беларускія мастакі ведалі адно аднаго ў твар, часта збіраліся, абмяркоўвалі творчасць адно аднаго, крытыкавалі, спрачаліся… Цяпер такая традыцыя, на жаль, згасла.

Наталля ШАРАНГОВІЧ: – Калі неяк у музеі мы сабралі зацікаўленых у сучасным мастацтве людзей, дык я нават здзівілася: аказваецца, іх вельмі шмат. І вакол кожнага з нас ёсць сваё кола зносін. На жаль, пакуль яны амаль не перасякаюцца… Кожная ўстанова нібыта круціцца на ўласнай арбіце, існуючы як бы аўтаномна…

Міхаіл БАРАЗНА: – Я перакананы: удзел Беларусі ў Венецыянскім біенале стаўся вельмі важнай падзеяй для студэнтаў і аспірантаў нашай акадэміі. Падабаецца гэта некаму, альбо не — Акадэмія будзе і далей актыўна уплываць на змест мастацтва сучаснай Беларусі. Новае пакаленне творцаў атрымала стымул, сведчанне таго, што ім ёсць куды імкнуцца.

 

/ источник: http://www.kimpress.by/

_______
Читать по теме:
_______