Альманах «pARTisan» апытаў прадстаўнікоў беларускае культуры наконт удзелу Беларусі ў Вэнэцыянскай біенале. На пытанні адказалі Андрэй Дурэйка, Вольга Капёнкіна, Сяргей Кірушчанка, Вольга Архіпава, Руслан Вашкевіч і Тамара Сакалова

Константин Костюченко / Белорусский павильоне 53 биеннале в Венеции

1 / Вашыя ўражаньні ад Беларускага павільёну Вэнэцыянскай біенале. Зь якім настроем Вы зайшлі ў яго, што там адбывалася, і якое адчуваньне засталося пасьля наведваньня?

2 / У чым, на Вашую думку, адметнасьць, магчыма, «нечаканасьць» Беларускага павільёну ў кантэксьце ўсёй біенале?

3 / Якая галоўная праблема нашага павільёну — калі яна, вядома, ёсьць?


 

Андрэй ДУРЭЙКА (мастак):

1 / У павільён я зайшоў са шклянкай ігрыстага, у Вэнэцыі, увогуле, на многае можна глядзець лёгка, хаваючыся ад сьвятла ў цень. Але дакладней было б сказаць — наш павільён я прайшоў, а не зайшоў туды, таму што выглядаў ён як калідор офісу ці прахадная. Уласна, гэта й ёсьць нейкае бюро, пераадолець атмасфэру якога беларусам не ўдалося. Нават плякат павільёну з падваеньнем «Kodex» — ня ведаю, навошта два разы пісаць назву, — блытаецца з разьмешчанай побач шыльдаю фірмы. Перад будынкам усталяваная скульптура зь дзьвюма правымі рукамі. Нягледзячы на ўвесь драматычны характар разадранага «кнігай» (якая разумеецца як «kodex») цела, прыгадваюцца анэкдоты скульптараў пра Леніна зь дзьвюма кепкамі. Увогуле, сымбалічная рэч. Хіба што пэрформанс Пятрова на адкрыцьці вяртаў да лёгкасьці мастацкага й быў вельмі дарэчы ў кантэксьце іншых шматлікіх акцыяў біенале. Ня ведаю, навошта спатрэбілася паказваць ягоныя старыя карціны: прастата й маляўнічасьць элемэнтаў яго пэрформансу выразьнейшыя. Напэўна, каб нагадаць пра «фігуратыўны» характар выставы, а інакш чым растлумачыць выбар Клінаўскіх «пудзілаў». Такое вось чытаньне «сьвятой кнігі» ад «расьпяцьця» да «апошняй вячэры» праз «партызанскае кіно» й «мастацкі побыт».

2 / Галоўная «асаблівасьць» нашага павільёну — тое, што ён быў вельмі падобны да калідору офісу. Я думаю, гэта не выпадковы зьбег акалічнасьцяў, а клясычны вірус дызайну, які вельмі характэрны для Менску апошняга дзесяцігодзьдзя, і ня толькі мастацкага. Зьвернемся да ўступнага слова куратара: «За апошнія дзесяць гадоў значна пашырыўся жанрава-відавы спэктар мастацтва. Фотамастацтва, арт-дызайн, мастацтва акцыяў, кампутарная графіка й інш. сталі натуральнай часткаю мастацкіх працэсаў» (http://belam.by.com/page.342.aspx). Першае, чаму вучаць у эўрапейскіх мастацкіх установах: мастацтва — не дызайн.

3 / Улічваючы ўсю перадгісторыю, відавочна, асноўная праблема палягае ў намэнклятурнасьці. Але перш я ўсё ж адзначу пазытыўнасьць самога факту ўдзелу беларусаў на афіцыйным нацыянальным узроўні, легітымізацыі пазыцыі сучаснага мастацтва, пераадоленьня асабістых міталёгіяў і пазбаўленьня ад ілюзіяў. Кажучы пра намэнклятурнасьць, трэба глядзець на працэс падрыхтоўкі да мерапрыемства цалкам — з самага пачатку. Ініцыятыва арганізатараў легендарнай выставы «Беларускі павільён 53-й Вэнэцыянскай біенале» была перахопленая Міністэрствам культуры. Далей — клясыка: усё адбываецца бяз конкурсу й абмеркаваньняў. Міністр прызначае камісара, яна ж дырэктар Музэю сучаснага мастацтва. Куратарам «абіраецца» рэктар Акадэміі мастацтваў. Ён, у сваю чаргу, даручае выкананьне экспазыцыі загадчыку кафэдры інтэр’еру. Такім чынам — служба й сучаснае мастацтва. Ня тое што я кагосьці жадаў бы пакрыўдзіць асабіста, гэта амаль немагчыма пры сыстэме прызначэньня й падзелу роляў. Але прэзэнтаваць актуальнае беларускаму акадэмічнаму асяродзьдзю не ўдавалася ніколі. І ўжо няважны адбор мастакоў: яны ўсё адно не прымалі ўдзел у экспанаваньні й выбары сваіх працаў. Па-за аўтарскай прэзэнтацыяй няма ніякага сэнсу — у разуменьні сучаснага мастацтва. Вэнэцыянская біенале менавіта ім і займаецца апошнія сто шаснаццаць гадоў. А мы?

 

Вольга АРХІПАВА (мастацтвазнаўца, навуковы супрацоўнік аддзелу сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь):

1 / Уражаньні былі дваістыя. З аднаго боку, радасьць і гонар, што бачыш у Вэнэцыі да болю знаёмае й зразумелае беларускае мастацтва. З другога боку, зьдзіўленьне: чаму быў зроблены падобны выбар аўтараў для нацыянальнага павільёну? Вядома, гэта не датычыцца цэнтральнага твору — саламянай «Патаемнай вячэры» Клінава, якая, на мой погляд, ёсьць найлепшым увасабленьнем беларускай нацыянальнай ідэі. Астатняе выклікала больш пытаньняў, чым адказаў.

2 / Беларускі павільён, хутчэй, нагадвае камэрную выставу пяці аўтараў зь пяці працаў. Для Біенале, як мне падалося, вельмі важнай зьяўляецца дэманстрацыя ідэяў і аўтарскіх канцэпцыяў, падпарадкаваных агульнай тэме.

3 / Асноўных праблемаў, на мой погляд, некалькі. Па-першае, памяшканьне павільёну, якое ўяўляе зь сябе калідор паміж шклянымі офісамі. Па-другое, адсутнасьць «звышідэі». Агульная канцэпцыя «Kodex» — «Codex» (старадаўні рукапіс ці складанка старадаўніх рукапісаў) увогуле не прачытваецца.

 

Руслан ВАШКЕВІЧ (мастак):

1 / Уражаньні? Чарговы «партызанскі буцік» замест павільёну. «Партызанскі», таму што ён нібыта ёсьць і яго быццам бы няма. З расповяду нашых знаёмцаў мы ведалі, што наш часовы павільён зьяўляецца геаграфічным працягам Арсэналу й іх падзяляе невялікі канал. І, сапраўды, на другі дзень, калі мы прайшлі ўсе галоўныя экспазыцыі біенале, нарэшце ўбачылі на іншым беразе вялікую расьцяжку «Kodex». Ні моста, ні пераправы ў тым месцы не было. Узброіўшыся мапай Вэнэцыі, мы пачалі бадзёра абыходзіць заліў даўжынёю ў паўгораду ў патрэбным кірунку. Гэта аказалася не магчыма, таму што далей уздоўж вады пачыналіся тэрыторыі прыватных майстэрняў па рамонце катэраў, лодак і г. д. Як потым высьветлілася, адзіны спосаб патрапіць на месца — браць рачную таксоўку з цэнтру гораду. Засумаваўшы ад немагчымасьці патрапіць на беларускую выставу сучаснага мастацтва, мы працягнулі агляд біенале: нас чакалі кітайцы, Піно, Пінчук зь яго нью-джэнэрэйшн, выдатны Джуліян Шнабэль. Таму, на жаль, я магу меркаваць пра павільён па фатаграфіях, аповядах сьведкаў і відавочным кантэксьце самога біенале.

2 / Галоўная нечаканасьць беларускага павільёну — гэта тое, што ён усё ж такі адбыўся. Усё астатняе было вельмі прадказальна й сумна.

3 / Мой досьвед відавочна выявіў праблему месца. Маю на ўвазе месца на гарадзкой мапе, ягоную недаступнасьць для прагляду. Неабходна загадзя дакладна інструктаваць ахвотнікаў патрапіць у павільён пра спосаб, як гэта можна зрабіць. Інакш — няма варыянтаў!

Другая праблема, вядома, — прастора экспазыцыі: маленькі шкляны калідор паміж дзьвярмі кабінэтаў, не прыстасаваны для якой-небудзь сур’ёзнай выставы. І нават у гэтым выпадку — няволя мастакоў у арганізацыі прасторавага мастацкага выказваньня.

Ну і, зразумела, асобна трэба адзначыць строгую сакрэтнасьць і чыноўніцкі патас пры падрыхтоўцы беларускага павільёну. Усё гэта абсалютна не адпавядае творчаму размаху й сонечнаму настрою Вэнэцыянскай біенале.

 

Вольга Капёнкіна (куратар знакамітай менскай галерэі «Шостая лінія», зараз жыве ў ЗША):

1 / Выйшла я з нашага павільёну, мякка кажучы, з пачуцьцём няёмкасьці. Пасьля апошніх падзеяў у Беларусі зусім не хацелася бачыць афіцыйную прэзэнтацыю беларускага мастацтва, а тым больш ад знаёмых мне мастакоў Клінава й Пятрова. Якую Беларусь яны прадстаўляюць? Такое ўражаньне, што куратар і мастакі праспалі ўсе апошнія шэсьць месяцаў сацыяльных хваляваньняў у краіне. Таму з павільёну я выйшла зь вялікім пачуцьцём сораму. Асабліва было непрыемна бачыць ніякавата наклееныя на сьцяне біяграфіі мастакоў, як быццам арганізатары забыліся, што гэта біенале, а не камэрцыйная галерэя. Хтосьці зьвярнуў маю ўвагу яшчэ й на калючы дрот на ўваходзе (ці выхадзе) з прасторы Арсэналу, дзе знаходзіцца беларускі павільён, — нам быццам жадалі нагадаць, што мы на зоне. Вядома, можна па-рознаму інтэрпрэтаваць і саламяныя постаці Клінава (хоць куратар і запэўніваў, што саломы ня будзе), і «монстраў» Пятрова — паўтаральны матыў у ягоных карцінах яшчэ з канца 1980-х, — але ўсё гэта ўзмацняла ўражаньне недарэчнасьці й поўнай выпадковасьці беларускага павільёну ў кантэксьце міжнароднага форуму, дзе прынята паказваць актуальнае сучаснае мастацтва.

2 / Галоўнымі «асаблівасьцямі» беларускага павільёну, на маю думку, зьяўляюцца адсутнасьць куратарскай працы й састарэлае ўяўленьне, што нацыянальная прэзэнтацыя на Вэнэцыянскай біенале павінна быць нейкім аглядам мастацкіх дасягненьняў — выставай графікі, скульптуры, жывапісу й відэа. Вынік — зусім выпадковы падбор мастакоў, які паказвае разрыў паміж пакаленьнямі, выяўляе няздольнасьць да рэфлексіі й складнага выказваньня ў прасторы выставы.

3 / Праблемы беларускага павільёну няма, бо пакуль няма беларускага павільёну. Ёсьць вызначаная амбіцыя й жаданьне ўдзельнічаць, а ідэяў і разуменьня, навошта й з чым, — няма. У гэтым хаваецца галоўная прычына праблемы.

 

Сяргей Кірушчанка (мастак):

1 / Убачыўшы яшчэ здалёку скульптуру Касцючэнкі, што стала знакам павільёна, зайшоў з адчуваньнем, што нічога добрага чакаць не трэба. Падчас азнаямленьня з экспазіцыяй гэта адчуванне толькі ўмацавалася. На жаль, арганізатары зусім не выкарыставалі тыя магчымасці, што дае Біенале для прэзентацыі нацыянальнага актуальнага мастацтва.

2 / Асноўная асаблівасьць, так мовіць, беларускага павільёна зводзіцца да таго, што куратар і камісар абсалютна далёкія ад праблем беларускага актуальнага мастацтва. Яны не ведаюць тых працэсаў, што ў ім адбываюцца. Але для мяне гэта не з’явілася нечаканасьцю.

3 / Праблемы нашага павільёна пачаліся з першых крокаў яго падрыхтоўкі. Першая — гэта адсутнасць конкурсу куратарскіх прапаноў. Другая — валявое, не на чым не заснаванае прызначэнне куратара і камісара Міністэрствам культуры. Трэцяя — неагалошаньне куратарскай пазіцыі, а таксама адсутнасьць публічнага абмеркаваньня куратарскай прапановы. Чацьвёртая — непрафэсыйны выбар экспазіцыйнай прасторы.

 

Тамара Сакалова (мастачка):

1 / З чым я зайшла ў беларускі павільён, з тым і выйшла.

2 / Нечаканасьцю з’явілася тое, што экспанаты выглядаюць як офіснае афармленьне.

3 / Галоўная праблема нашага павільёна складаецца ў тым, што яго няма.

 

/ © «pARTisan» № 15 / 2011

 

_______
Читать по теме:
_______