Адкрыты ліст асуджаннага беларускага мастака Бісмарка (Віталя Калгіна): «За што на самой справе службоўцы сьледча-судовай сыстэмы расчалавечваюць мастака-авангардыста Калгіна Віталя?»

Бисмарк

Беларускі мастак-авангардыст Бісмарк, якого таксама памятаюць як Віталя Ражкова, з’яўляецца выбітнейшым прадстаўніком беларускага неафіцыйнага мастацтва 1980–90-х. Мастак са сваім унікальным лёсам, які свядома абраў шлях творчага індывідуалізму, пасля распаду Савецкага саюза Бісмарк амаль не ўдзельнічаў у калектыўных праектах, здзяйсняючы сваю мастацкую стратэгію праз персанальныя арт-акцыі, як, напрыклад, у галерэі «Падземка» у 2007 годзе.

У 1988 годзе Віталю Ражкову быў пастаўлены дыягназ «шызафрынія», падставай для якого стала яго карціна «Патрыярх», што была выстаўлена у межах калектыўнага праекта «На Калектарнай». Менавіта гэты дыягназ стаў прычынай таго, што восенню мінулага году, стаўшы ахвярай жорскага збівання групай з трох мужчынаў, менавіта Бісмарку, як «сацыяльна неблаганадзейнаму элементу», было выдвінута абвінавачванне ў правакацыі бойкі, у выніку якой адзін мужчына быў паранены. Дарэчы, Бісмарк некалькі тыдняў знаходзіўся у лякарні з вялікай колькасцю пабояў. Але іншых сведкаў, акрамя Бісмарка, трох мужчынаў і жанчыны, што была з імі, не было. Таму, відавочна, суддзя паверыў паказанням групоўкі, якая сцвярджала, што нападзенне было справакавана менавіта Бісмаркам.

Пастановай Фрунзенскага суда ад 25.01.2011 Віталь Калгін (сапраўднае прозвішча Бісмарка) павінен прайсці прымусовае лячэнне ў спецыяльнай установе ў вёсцы Гайцюнішкі, для асобаў, што здзейснілі злачынства ў стане псіхічнага расстройства. Гэта месца горшае нават за турму. Акрамя таго, што мастак будзе знаходзіцца разам з сапраўднымі злачынцамі-вар’ятамі, ён будзе праходзіць курс лячэння. За год рэгулярных ін’екцый нэўралептыкаў, што выкарыстоўваюцца ў гэтым «шпіталю», мазгі пацукоў страчваюць 20% актыўнага мазгавога рэчыва – гэта дакладна ўстаноўлены навукай факт. Віталь Калгін прыгавораны да 5 гадоў такого «лячэння», што ставіць пад сумнеў яго нармальнае, чалавечае вяртанне да вольнага жыцця.

Зараз Бісмарк знаходзіцца ў Навінках. Хутка будзе пераведзены ў Гайцюнішкі.

 

Адкрыты Ліст

Старшыні Вярхоўнага Суда РБ Сукала В.А.,

Гэнэральнаму Пракурору РБ Васілевічу Р.А.

Я, Калгін Віталь, мастак-авангардыст, прадстаўнік плыні андэграўнда, пастаўлены ў безвыходнае жыцьцёвае становішча высілкамі супрацоўнікаў падведамаснай Вам сыстэмы.

Іхнімі стараньнямі я, ахвяра злачынства, учыненага групай асобаў, ня толькі ператвораны ў злачынцу, але й пазбаўлены элементарнага гарантаванага права паданьня ў вышайпастаўленную інстанцыю касацыйнай скаргі. Ў гэным выпадку мне не да паліткарэктнасці – я буду называць рэчы сваімі імёнамі. (…)

Ўвосень мінулага года, а 2-й гадзіне ночы суботы (19.09), на мяне напалі 4-ы п’яныя асобы, 3-ы зь якіх мужчыны, што пачалі мяне зьбіваць, 4-я жанчына зь іх кампаніі, якая назірала за гэтым. Прычынай сталася мая заўвага аб неабходнасьці скончваць шумную бяседу. Кампанія зьбіралася ў суседа-кватэраздымшчыка, дзе праводзіла сустрэчы да сьвітанку, кожныя выходныя, напрацягу 2-х месяцаў ад моманту яго засяленьня, й дадзены мой зварот быў ужо 3-ці (папярэднія станоўчага выніку не далі). 3-ы маладыя мужчыны зьбівалі мяне заўзята, з ужыткам палкі й камянёў. Каб выратаваць сабе жыцьцё ў смяротна-небяспечных варунках, я скарыстаўся дзеля абароны патрапіўшыя пад ногі каля сьметніцы 2-а металічныя драты («шылы», як іх назвала сьледчая). Ў выніку захадаў самаабароны адзін з нападнікаў атрымаў траўму лёккага, што, ўрэшце, й стала прычынай заканчэньня зьбіцця. Рэзультатам дзеяньняў нападнікаў сталіся мне 8-м пераломаў чэрапа. Траўма нападніка вымусіла ягоную кампьёнку выклікаць патруль міліцыянтаў, і калі тыя з’явіліся, дык уся групоўка выявіла надзвычайную спрактыкаванасць і знаходлівасьць, бо вокамгненна я быў абвешчаны для работнікаў міліцыі нападнікам-ініцыятарам, іхны паранены сябрук – ахвярай, а яны – сьведкамі й пацярпелымі ад маёй агрэсіі. Я быў дастаўлены ў шпіталь, дзе меў працяглае лячэньне. Следчая Фрунзенскага РУУС Кліменка Н.Н. адразу прыняла бок нападнікаў, таму маю справу па маёй заяве не заводзіла, размаўляла зьняважліва й абразліва, бо даручыла мне ў свам следчым «спэктаклі» ролю клінічнага псыхапата, маньяка-імбіцыла, які чамусьці сьцвярджае, што ён мастак, а маім супернікам-крыўдзіцелям, сапраўдным злачынцам, адвяла ролю паважаных чольцаў грамацтва, якія пацярпелі ад злачынцы (у параўнаньні са злодзеямі, адзін з якiх галоўны энергетык МАЗа, другая – дырэктарка крамы прадуктаў, я ў яе вачах – нікчэмны маргінал!). Мяне яна скіравала на суд.псых.экпертызу, якая яе стараньнямі зацьвердзіла неабходны для «драматургіі» яе сьледчага спектакля вэрдыкт – неўмянальнасьць. 20.12.2010 г. справа была пакананая. Фрунзенскі суд, што адбыўся 25.01.2011 г. штампаваў свой вердыкт па трафарэце зробленай следчай, якім пастанавіў накіраваць на прымусовае лячэньне ў шпіталь строгага тыпу (суд. Хрушчэўская). Касацыйны суд ад 04.03.2011 г. пасьля разгляду скаргі законнага прадстаўніка, маёй жонкі, вырак райсуда скасаваў і па яе просьбе накіраваў на паўторнае судовае разбіральніцтва. Тое, чым скончылася паўторнае разгледжаньне справы вельмі здзьівіла маю жонку: 30.05.2011 г. суддзя Комар В.К. пазбавіла жонку права быць законнай прадстаўніцай, матывуючы тым, што толькі бацькі маюць такое права; законным прадстаўніком «назначыла» спецыяліста з райеннага воргана апекі. 21.07.2011 г. яна зацьвердзіла ў нязьменная форме папярэдні судовы вырак. (…)

Дарэчы аб нармальнасьці… Ў касацыйнай скарзе я хадайнічаў аб прызначэньні, як мінімум, новай псыхсудэкпертызы. Захворваньне мае стабільны характар, бяз страты мысьліўнай функцыі й распаду асобы. Падзеі таго здарэньня я ўспрыймаў адэкватна, разумеючы сэнс дзеяньняў сваіх і сваіх ворагаў-супернікаў (адчуваючы ўсё на ўласнай скуры, падчас нанясеньня траўмаў; ў адрозненьні ад іх быў цьвярозы). (…)

З 1988, калі мне паставілі дыягназ і прызначылі групу інваліднасьці, я толькі другі раз апынуўся за мяжой законаў соцыюму, й хачу адзначыць, што ў абодвух выпадках гэна сталася сьледствам раптоўнага нападу й фізычнага гвалту ўчыненага на мяне без ваганьняў, наўпрост. Такім чынам, нападнікі не пакідалі мне магчымасцяў ўзаемапаразуменьня, вымушаючы змагацца за жыцьцё. (…)

Магчыма хтосьці сьледам за псыхіятрамі палічыць мае ідэі прадуктам шызафрэніка. Аднак шызафрэнікамі былі Ван Гог, Урубель, Гаген, Чурлёніс дый шмат хто іншы з мастакоў (…)

Але ж ці даюць дактрыны й творчае крэда мастака-нонканфарміста маральнае й юрыдычнае права падначаленым Вам супрацоўнікам сьледства й суда ствараць смехатворны прымітыўна-лубочны вобраз вар’ята-злачынцы з фільмы жахаў. За што я павінен быць зьмешчаны на прымусовае лячэньне й ізаляцыю ад мастацтва й сям’і? (…)

Такім чынам, маё пытаньне да Вас наступнае:

За што на самой справе службоўцы сьледча-судовай сыстэмы, падведамаснай Вам, так заўзята й згуртавана расчалавенчваюць мастака-авангардыста Калгіна Віталя?

З павагаю, В. Калгін

 

Каментары да Адкрытага ліста:

Ці здольная арт-супольнасць змяніць сітуацыю, выратаваць чалавека, ў якой мастак, які не мае сацыяльнага статуса, пакінуты на волю лёсу?

У дадзеным выпадку магчымы:

— зварот да незалежнага адваката дзеля перагляду судовай пастановы (першым абаронцам Бісмарка выступаў адвакат, прызначаны судом)

— перагляд медыцынскага дыягназу, які быў пастаўлены яшчэ ў савецкія часы

ART AKTIVIST спадзяецца на рэакцыю грамадства. Мы будзем рады ўсім ідэям, ініцыятывам і прапановам.

 

Пастанова суда:

_______
Читать по теме:
_______